Традыцыйнае кармленне галубоў на цэнтральнай плошчы ў Берасці і таксама традыцыйнае шэсце скончылася 14 красавіка затрыманнямі.

На плошчы Леніна былі затрыманыя Аляксандр Кабанаў і Зміцер Бекалюк, на вуліцы Савецкай міліцыя схапіла яшчэ некалькі чалавек. Затрымана мінімум 15 чалавек.

Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек
Лідарам сёнашняга пратэсту стаў Алесь Абляк. Ён заклікаў не толькі спыніць завод, але і вярнуць крыжы ў Курапаты.

Кожную нядзелю ўжо больш за год берасцейцы выходзяць на кармленне галубоў – такім чынам яны пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу «АйПаўэр». У пятніцу дзевяць грамадскіх актывістаў былі затрыманыя – іх памясцілі ў ІЧУ, верагодна ў панядзелак адбудуцца суды.

Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек
Праціўнікі запуску акумулятарнага заводу прайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкая, скандуючы «Не заводу»

Нагадаем, у мінулую нядзелю, 7 красавіка, праціўнікі заводу прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця калонай скандуючы «Нет Заводу! ». Гэта ім улады і не даравалі. Да суду затрыманыя: Уладзімір Вялічкін, Уладзіслаў Абрамовіч, Дзям’ян Лепясевіч, Кацярына Басаргіна, Дзмітрый Андрасюк, Уладзімір Казлоўскі, Дзяніс Малашанка, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка. Як стала вядома пазней, таксама быў затрыманы яшчэ адзін берасцеец – Алег Вялаў. Усе грамадзяне былі выкліканыя ў міліцыю Ленінскага раёну Берасця 12 красавіка позвай у якасці сведак па адміністрацыйнай справе, але ў выніку на іх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а ў прыватнасці ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП.

Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек
Натоўп пратэстоўцаў акружыў Алеся Абляка, каб супрацьстаяць затрыманню

14 красавіка таксама позвай у Ленінскі РАУС была выклікана Таццяна Фесікава. Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк – актывістка затрымана. На самой плошчы Леніна затрымалі блогера і актывіста Аляксандра Кабанава, а потым і аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы супраць заводу Зміцера Бекалюка. Людзі спрабавалі адбіць Бекалюка, але не атрымалася. Тады кіраванне акцыяй узяў на сябе Алесь Абляк, яго супрацоўнікі АМАПа і міліцыі ў цывільным спрабавалі ўзяць каля кінатэатру «Беларусь», але людзі адбілі Абляка. Але на скрыжаванні Савецкай і праспекта Машэрава Алеся і яшчэ аднаго ўдзельніка шэсця Ягора Кандрацюка затрымалі. Зараз невядома, дзе знаходзіцца Ірына Сіліцкая, якую позвай выклікалі ў міліцыю, а таксама Віталь Казак, які меў позву ў Ленінскі РАУС на 14.00 14 красавіка.

Віталь Казак, грамадскі актывіст, праціўнік акумулятарнага заводу, зараз знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе, пра гэта ён паспеў паведаміць журналістам «Белсату»

– Мяне абвінавацілі ў тым, што я 7 красавіка вёў стрым. Міліцыянт сказаў мне, што спачатку вы вядзеце стрым, а потым намёты станеце ставіць, а зараз яны прымушаюць мяне пакласці слухаўку, – паспеў перадаць з Ленінскага РАУСа «Белсату» Віталь Казак.

Як стала вядома «Белсату», Віталь Казак затрыманы. Мінулай ноччу адпусцілі з ІЧУ яшчэ адну актывістку – Кацярыну Басаргіну. Таксама стала вядома пра яшчэ аднаго берасцейца – Віктара Сендара. Яго затрымалі разам з Абляком.

Каб перашкодзіць пратэсту, улады на цэнтральнай плошчы гораду арганізавалі агляд-конкурс сярод навучэнцаў кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў Берасця, на ім прысутнічала некалькі сотняў чалавек.

Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек
Ваеннае свята для навучэнцаў кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў Берасця арганізавала ўлада каб перашкодзіць пратэсту

– Улады вырашылі закруціць гайкі, і перайшлі да сур’ёзных рэпрэсіям, затрымаўшы самых актыўных удзельнікаў пратэсту, але рыса ўжо пройдзеная, людзей гэта не спыніць, яны будуць дамагацца закрыцця гэтага заводу, – заявіў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

З пачатку красавіка ўлады спрабуюць збіць пратэст супраць акумулятарнага заводу, заводзячы на актывістаў крымінальныя і адміністрацыйныя справы. На 14:50 стала вядома, што на свабоду выйшла Ірына Сіліцкая.