Фото с сайта pixabay.com

Сваякі затрыманых і прадстаўнікі грамадзкасьці не змаглі трапіць на канвэер судоў над актывістамі, якія пратэставалі супраць будаўніцтва ля Берасьця акумулятарнага заводу, паведамляе Радыё Свабода.

Працэсы праходзяць проста ў Ленінскім РАУС. Не пусьцілі нават сваякоў затрыманых.

Двух затрыманых актывістаў за ўдзел у розныя дні ў акцыях пратэсту супраць акумулятарнага заводу пакаралі штрафамі. Мікалай Трацюк атрымаў 10 базавых велічыняў штрафу (255 рублёў) за акцыю 14 красавіка, а Алег Ярмоленка — 30 базавых (765 рублёў) за акцыю 7 красавіка.

За няяўку ў міліцыю па позьве (позва была выпісана якраз на час, калі праходзіла акцыя пратэсту) аштрафаваны на 1 базавую велічыню (25,5 рубля) актывіст Дзьмітрый Бекалюк.

Усе справы пратэстоўцаў разглядае судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Аляксандар Семянчук.

Агулам разглядаліся справы ад 14 да 16 чалавек, праваабаронцы яшчэ ўдакладняюць зьвесткі. Некаторыя працэсы перанесьлі, бо пратэстоўцы хадайнічалі, каб ім далі магчымасьць заключыць дамовы з адвакатамі і час на азнаямленьне са справамі.

18 красавіка працягнецца разгляд спраў актывістаў Дзям’яна Лепясевіча, Алега Вялава, Дзяніса Малашанкі, Дзьмітрыя Андрасюка, Сяргея Сьвірскага, Уладзіслава Абрамовіча, Уладзімера Казлоўскага і праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна.

На 24 красавіка перанесьлі суд над Віталём Казаком, на 25 красавіка — суды Ягора Кандрацюка, Віктара Сендэра.

Алесь Абляк, які 14 красавіка выступаў на плошчы з мэгафонам, сказаў, што ягоны працэс працягнецца таксама 25 красавіка.

— Я заявіў хадайніцтва, каб працэс быў па-беларуску, а калі яны такога ня могуць зрабіць, каб далі перакладчыка. Апроч таго, заявіў хадайніцтва, каб азнаёміцца са справай. Судзьдзя абвясьціў перапынак да 25 красавіка. Чаму так адбылося, што судзілі ў РАУС? Я думаю, што гэта зроблена для таго, каб менш людзей было на працэсе. Мяне вінавацяць за ўдзел у акцыі 14 красавіка, некаторых людзей — за іншыя акцыі, — сказаў Алесь Абляк.

Трапіць на суды немагчыма

Праваабаронца Раман Кісьляк сказаў у інтэрвію Свабодзе, што ў такім правядзеньні паседжаньняў судоў у РАУС ён бачыць парушэньне.

— Я спрабаваў трапіць, іншыя грамадзяне, сваякі. Мне сказалі, што мяне ня пусьцяць, што судзьдзя ня хоча мяне бачыць на працэсе. Фактычна судовыя паседжаньні былі закрытыя, што парушае Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Я ня бачу ніякіх падставаў, каб гэтыя працэсы былі закрытыя, — заявіў Раман Кісьляк.

Праваабаронцы будуць абскарджваць нядопуск грамадзян на адкрытыя судовыя паседжаньні.

У пятніцу міліцыя затрымала 9 чалавек, калі тыя прыйшлі ў Ленінскі РАУС з позвамі.

14 красавіка ў Берасьці адбыўся чарговы пратэст супраць пабудовы акумулятарнага заводу. Ня менш за 200 чалавек сабраліся на плошчы Леніна і прайшлі цэнтральнымі вуліцамі гораду, скандуючы лёзунгі «Не — заводу!», «Свабоду!»

Падчас акцыі міліцыянты, супрацоўнікі АМАП выхоплівалі з калёны найбольш актыўных дэманстрантаў. Некаторых людзям удавалася адбіць, аднак потым іх затрымлівалі.