Глеб Лабадзенка. Фота http://labadzenka.by

Асветніцкія курсы «Мова нанова» і выданне бесцэнзурных кніг айчынных класікаў.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Марачоўшчыне і мемарыяльная шыльда на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін.

Аўтарская праграма на тэлеканале «Белсат» і выпуск сучасных «буквароў» – кніг «Дзіцячая заМова».

Экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі і пераклады на беларускую мову песняў для знакамітых выканаўцаў…

Пералічыць усё здзейсненае Глебам Лабадзенкам наўрад ці магчыма, а вось расказаць – варта.

«Коласаўскі ліцэй перакуліў мой свет»

– Глеб, ты скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Хто дапамог табе стаць свядомым беларусам – бацькі, ліцэйскія выкладчыкі ці яшчэ нехта?

– Найперш Рыгор Барадулін, які і параіў мне ісці ў ліцэй. Я вучыўся ў звычайнай мінскай рускамоўнай СШ №126, і беларуская мова і літаратура былі далёка не самымі любімымі маімі прадметамі. У 2000 годзе мне пашчасціла пазнаёміцца з дзядзькам Рыгорам, я паслухаўся яго, паступіў у ліцэй. 9-ы і 10-ы класы адвучыўся там, а потым ліцэй з вялікім скандалам закрылі, і мы пайшлі вучыцца падпольна на кватэрах сваіх настаўнікаў. Перад гэтым правёўшы ўсё лета ў пікетах. І калі палова ліцэістаў здрадзіла ліцэю, для мяне гэта быў асабісты ўдар.

– Ты маеш на ўвазе тых, хто перайшоў у іншыя адукацыйныя ўстановы?

– Так, ліцэйскае сяброўства здавалася маналітным. Але не вытрымала першага сур’ёзнага выпрабавання. Коласаўскі ліцэй перакуліў мой свет, бо ні бацькі, ні школа мяне да беларушчыны не далучылі. Родную мову я чуў хіба ў бабулінай вёсцы Бабовішчы пад Слуцкам, дзе я праводзіў кожнае лета.

– На Случчыне мова – заслухацца можна. Асабліва ў ваколіцах мястэчкаў Грэск і Грозава.

– Дык і Бабовішчы ў тых мясцінах. Праўда, я вяртаўся штовосень у школу і злаваўся. Хтосьці з аднакласнікаў быў у Турцыі, хтосьці – у Егіпце, а я – у вёсцы. Летась нарэшце і я трапіў у Егіпет і зразумеў, што егіпецкія піраміды ад мяне нікуды не ўцяклі, а вось Бабовішчаў ужо няма. Абзавёўшыся сям’ёй, лецішчам, заняты працай, я туды доўга не ездзіў. А неяк прыехаў на могілкі адведаць родных і быў шакіраваны: уся вёска майго дзяцінства ўжо там. А я дагэтуль памятаю галасы вяскоўцаў, іх інтанацыі… Скажам, мая бабуля гукала суседцы: «Ніна, а ты ведаеш, што ў Баку сёння +35?» А Ніна з-за плоту: «У якім баку? У левым ці правым?»

«Калі здарыўся крыжапавал, я тры дні хадзіў сам не свой»

– У гэтую нядзелю беларусы адзначаць каталіцкі Вялікдзень, у наступную – праваслаўны. На жаль, сёлета гэта вялікае хрысціянскае свята было азмрочана крыжапавалам у Курапатах. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў нешматлікія пратэсты вернікаў «голасам тых, хто гукае ў пустэльні». А якім чынам можна было зрэагаваць на такі дэманстратыўны вандалізм?

– Калі здарыўся той крыжапавал, я тры дні хадзіў сам не свой, быццам мне па галаве паленам далі, нічога рабіць не мог. Самае балючае – пачуццё бездапаможнасці. Як быццам цябе прывязалі вяроўкай да слупа і б’юць, а ты адказаць не можаш. Тыя, хто вырываў крыжы ў Курапатах, яны вырывалі крыжы сабе на магілы. Аб’ехаўшы ўсю Беларусь, я наслухаўся гісторый пра тых, хто руйнаваў храмы. Ніхто з іх не памёр сваёй смерцю, усіх спасцігла Божае пакаранне. Так будзе і тут, я ў гэтым перакананы. Мая пазіцыя такая: замест кожнага вырванага крыжа мы павінны паставіць два новыя. Не абавязкова крыжы ў літаральным сэнсе. Проста кожны павінен задаць сабе пытанне: што я магу зрабіць?..

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Глебам Лабадзенка чытайце ў газеце «Народная Воля» за 16 красавіка