Віцебскі экскурсавод Сяржук Маркаў сустракае турыстаў па-беларуску, хоць працуе пераважна з расейскімі групамі. Ад’яжджаючы, яны ведаюць беларускія адпаведнікі сваіх імёнаў і народныя песьні, развучаныя падчас сьпеўнага сходу на беразе Дзьвіны. Карэспандэнтам Свабоды Сяржук распавёў, як рэагуюць на беларускую мову і чаго шукаюць у Віцебску замежныя турысты.

«Пацяплела. Зараз панясецца», — паціраючы рукі, кажа Сяржук напярэдадні экскурсійнага сэзону. Пасьля праваслаўных Калядаў Віцебск на пару месяцаў заціхае. Рух пачынаецца ад восьмага сакавіка.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

У экскурсійную справу Сяржук, які ва ўнівэрсытэце спасьцігаў беларускую філялёгію, гісторыю і культуру, прыйшоў акторам батлейкі, зробленай у віцебскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Праз тэатар пазнаёміўся зь «Ілвай» — найбуйнейшай турыстычнай кампаніяй гораду ў галіне ўязнога турызму, якой летась споўнілася 25 гадоў.

«У фірмы былі сумесныя з цэнтрам праекты. І батлейку мы разам ладзілі — у спэктаклі я граў лялькай цара Ірада. Аднойчы мне прапанавалі правесьці экскурсію — спачатку для сваіх», — узгадвае Сяржук.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Цяпер ён адзін з самых запатрабаваных экскурсаводаў «Ілвы». І ролю цара таксама пакінуў пры сабе. Батлеечная шафа стаіць у турыстычным салёне кампаніі ў цэнтры гораду. На зімовыя сьвяты тут даюць «Цара Ірада», улетку ставяць заснаваны на віцебскіх паданьнях спэктакль «Тры ракі» пра Волгу, Заходнюю і Паўночную Дзьвіну.

«Вас не папярэдзілі? Гэта ж Беларусь — тут усё па-беларуску»

Для Сержука пытаньне мовы прынцыповае. Некалькі гадоў ён з аншлягам вёў у горадзе курсы «Мова нанова». Яго называлі нязьменным вядоўцам, аднак пазалетась ён сышоў — адчуў, што «перагарае».

Цяпер захапленьні Сержука — экскурсіі і тэлебачаньне. Праграму «Вечаровыя Віцебск» на мясцовым тэлеканале ён вядзе па-беларуску, за выключэньнем эфіраў з замежнымі ўдзельнікамі. Госьці Сержука — музыкі, акторы, танцоры, этнографы, мастакі, цікавыя яму як людзі і як прафэсіяналы.

У Віцебску жартуюць, што асоба і харызма вядоўцы прымушае асобных гараджан трымаць тэлевізар у хаце. Самому ж Сержуку тэлеэфіры дапамагаюць у экскурсійнай справе.

«Гэтыя мае працы добра сумяшчальныя, — тлумачыць ён. — Калі прыходзяць у госьці фальклярысты ці краязнаўцы, ты лёгка падтрымліваеш зь імі размову. А новыя веды я перадаю турыстам.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Калі паўстала пытаньне аб атэстацыі, Сяржук абраў аглядную экскурсію па Віцебску і абараняў яе на беларускай мове. Паўтарыць беларускую вэрсію перад турыстамі дагэтуль не ўдалося — у горад едуць групы пераважна з Расеі. Перадусім гэта жыхары Масквы, Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу, Пскова, Смаленску. Былі нават госьці з Чыты і Новага Ўрэнгою.

Тым ня менш беларуская мова ў Сержука «абавязкова» гучыць на кожнай экскурсіі. Прытрымліваючыся падчас экскурсій нефармальна-жартоўнага стылю, але ўмеючы, калі трэба, «даць трагізму», ён пачынае з эфэктнай сустрэчы па-беларуску: «Добрай раніцы, шаноўнае спадарства! Вітаю вас у старажытным Віцебску…»

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

«Стомленыя дарогай турысты адразу прачынаюцца, некаторыя спрабуюць „уладить вопрос“, — апісвае рэакцыі на такую сустрэчу Сяржук. — „Вас не папярэдзілі? Гэта ж Беларусь — тут усё па-беларуску“, — кажу я і прызнаюся, што гэта жарт, але дадаю, што падчас экскурсіі не аднойчы будзем зьвяртацца да мовы».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Сваіх турыстаў Сяржук вучыць, як прывітацца, разьвітацца, падзякаваць па-беларуску. Перад абедам усе зычаць адзін аднаму «смачна есьці». На выпадак доўгіх пераездаў ці прамысловых раёнаў экскурсавод карыстаецца 125 беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, адпаведнікі якіх турысты шукаюць у сваіх мовах. Цешаць гасьцей і традыцыйныя беларускія гульні.

«Я кажу, які круты рэжысэр працуе ў „Ляльцы“, і тут выходзіць Віктар Клімчук і дэманструе мову»

Каб турыстаў не дзівіла, што беларуская мова гучыць толькі ад экскурсавода, Сяржук дае магчымасьць пачуць яе зь іншых крыніцаў. Часам гэта здараецца выпадкова.

«Бывае, я праводжу частку экскурсіі каля „Лялькі“, дзе турысты любяць церці лямпу Хатабыча на жаданьне, — распавядае Сяржук. — Я кажу, які круты рэжысэр працуе ў тэатры, і тут выходзіць Віктар Клімчук і дэманструе мову. Дырэктар музэю ў Здраўнёве Аляксей Сухарукаў таксама беларускамоўны — заўжды вітае гасьцей па-беларуску».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Арт-паб «Торвальд» у гістарычным цэнтры Віцебску вядомы як месца з рэгіянальным мэню і беларускамоўнымі афіцыянтамі. На жаль, такіх пунктаў па горадзе няшмат, затое турыстам яны моцна падабаюцца: «Спачатку яны ўсьміхаюцца, а пасьля пачынаюць прыслухоўвацца, задаваць пытаньні».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Пешаходная вуліца Талстога (Падзьвінская) ў Віцебску

Здараюцца і складаныя групы, і заўвагі пра «недоязык» і адсутнасьць «Ладаў» на дарогах.

«У такіх выпадках спачатку закіпаеш. Выдыхаеш. Лічыш да дзесяці. На эмоцыях шмат чаго можна нагаварыць, — кажа Сяржук. — Супакоіўшыся, прапаную пяць хвілінаў весьці экскурсію выключна па-беларуску — праверыць, ці будзе ўсё зразумела. І спакойна тлумачу, чаму беларусы не абавязаныя падтрымліваць расейскіх вытворцаў аўтамабіляў».

Без адказу такія заўвагі пакідаць нельга, перакананы Сяржук, і заставацца ў пазыцыі ахвяры таксама непрымальна.

На думку экскурсавода, пачуцьцё гумару ратуе ў любой сытуацыі.

«Калі я распавядаю піцерцам, што Пётар І спаліў Віцебск, ім не падаецца, што гэта іх віна»

Тэкст агляднай экскурсіі «Тысячагадовы Віцебск», паводле якой атрымлівае атэстацыю большасьць віцебскіх экскурсаводаў, складалі ў 70-я гады. Апошні раз яго рэдагавалі ў 2010-м. З таго часу горад зьмяніўся. Зьявіліся новыя вартыя ўвагі аб’екты.

«Гэты тэкст — базавы. Чым ты яго аздобіш, справа твая, — тлумачыць Сяржук. — Стандартную праграму не абмінеш. Абавязкова трэба паказаць стары горад, пешаходныя вуліцы Суворава, Талстога і Крылова, Усьпенскі сабор, Дабравешчанскую царкву, і плошча Перамогі ўсім патрэбная. Калі дазваляе час, я дадаю ў маршрут круты будынак вэтэрынарнай акадэміі, новую сынагогу, паказваю працы віцебскіх графіцістаў, пасьля помніка Караткевічу вяду старымі і малавядомымі вулачкамі. Увечары добра прайсьціся па пешаходным цэнтры і пашукаць Дзядзю Віцю ў ліхтарах — маленькага чалавечка, якога прыдумаў музыка Яўген Палавінскі».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Пешаходная вуліца камісара Крылова (Усьпенская) і Ўсьпенскі сабор

Касьцёл Сьвятой Барбары на правым беразе Дзьвіны Сяржук называе сваім бонусам. Турыстычныя аўтобусы даяжджаюць да яго нячаста. Цяпер, калі мост рамантуюць, да сьвятыні пад’ехаць яшчэ цяжэй.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Вежы касьцёла Сьвятой Барбары

«Аднаго разу госьці зь Екацярынбургу сустрэлі ў цягніку ксяндза, і той параіў ім наведаць касьцёл Сьвятой Барбары. Я дамовіўся, і тутэйшы ксёндз адчыніў нам дзьверы, ахвотна ўсё паказаў і распавёў», — узгадвае Сяржук.

Ён упэўнены, што рэлігійную тэму ў Віцебску трэба падаваць тактоўна і асьцярожна.

«Звычайна я пачынаю з таго, што ў горадзе мірна суіснавалі розныя канфэсіі, акрамя аднаго выпадку з Кунцэвічам (уніяцкі ярарх, забіты праваслаўнымі жыхарамі Віцебску ў 1623 годзе. — РС.)».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Панарама горада з вежамі Ўваскрасенскай царквы

Як падаваць гісторыю і наколькі засяроджваць увагу на яе супярэчлівых момантах, гід вырашае сам.

«Да помніка Альгерду трэба падвесьці абавязкова. Гэта наш найвялікшы князь, але ня варта падкрэсьліваць ушчэрбнасьць расейцаў, кажучы, што ён Маскву хістаў і Крэмль трос. Гісторыяй трэба ганарыцца, але адыходзіць ад патасу. І калі я распавядаю піцерцам, што Пётр І спаліў Віцебск, ім не падаецца, што гэта іх віна», — кажа Сяржук.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Помнік князю Альгерду каля Ўваскрасенскай царквы

На яго думку, любую гістарычную зьяву можна патлумачыць паводле афіцыйнай вэрсіі і — меркаваньняў.

«Каля помніка Машэраву мы затрымліваемся з групамі сталага веку, і я дазваляю сабе прыклады з жыцьця — мой дзед быў авіятэхнікам і абслугоўваў самалёт Машэрава, калі той прылятаў у Віцебск. Па словах дзеда, цікавы быў чалавек. Якім быў палітыкам — гэта ўжо гісторыя».

Апавяданьні пра тое, як на былой Паганай плошчы, дзе цяпер стаіць помнік партыйнаму дзеячу, ствараўся і не стварыўся археалягічны музэй, пра дом Мікалая Мартынава, заснавальніка абутковага брэнду Marko, адбудаваны па старых чарцяжах стараньнямі гісторыка Тацьцяны Бубенькі, таксама знаходзяць свайго слухача.

А некаторыя гістарычныя міты даводзіцца разбураць.

«У 70-я гады адзін экскурсавод пусьціў байку, быццам бы Аляксандар Неўскі вянчаўся ў Віцебску, а мы да помніка дайшлі, — сьмяецца Сяржук. — Неўскі прывёз сюды жонку з сынам і, як нармальны мужчына, паехаў сабе славу здабываць. Усіх перамог, вярнуўся, жонку забраў — вось і ўсе стасункі зь Віцебскам. А пытаньне мастацкай вартасьці аб’екта няхай застаецца на сумленьні скульптара і ўладаў, якія гэты помнік замовілі».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Сяржук арыентуецца на запатрабаваньні групы, але пра Шагала распавядае заўжды.

«Увесь час знаходзяцца людзі, якія шануюць ці ня любяць Шагала, разумеюць ці ганьбяць „Чорны квадрат“ Малевіча, — кажа ён. — Гэта справа густу, і я не імкнуся некага пераканаць».

Але пасьля лікбезу пра віцебскае мастацтва каля адкрытай Шагалам вучэльні, дзе цяпер музэй, турысты шчыра абяцаюць прачытаць аўтабіяграфію мастака «Маё жыцьцё».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Арт-цэнтар Марка Шагала на левым беразе Заходняй Дзьвіны

«Гістарычныя факты цікавыя першыя паўтары гадзіны. Пасьля турысты хочуць нармальнай жывой размовы»

Калі падаеш проста сухія зьвесткі — гэта правал, упэўнены Сяржук.

«Гістарычныя факты цікавыя першыя паўтары гадзіны. Пасьля турысты хочуць нармальнай жывой размовы, — кажа ён. — Яны заўжды пытаюцца наконт палітыкі і „дармаедаў“. Ніводнай групы не было, якую б не хвалявала, як тут ставяцца да расейцаў ці ўкраінцаў. І экскурсавод павінен быць дыпляматам, гісторыкам, знаўцам архітэктуры, мастацтва, рэлігіі, літаратуры. Аўтарытэтам, здольным разруліць любую сытуацыю — ад прыбіральні да сур’ёзнага канфлікту».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

«Экспрэс-Віцебск» Сяржук паказвае транзытным групам. Іх кароткі побыт у горадзе — часам на пару гадзінаў — вызначае цягнік на Смаленск. Карпаратыўшчыкам ён пакідае магчымасьць проста пагуляць. Самымі цікаўнымі называе габрэйскія супольнасьці з Санкт-Пецярбургу. Але па-сапраўднаму адкрыць горад магчыма падчас індывідуальнага туру.

«Прыяжджае, напрыклад, сям’я, і ты зь імі праводзіш 2-3 дні, — узгадвае з досьведу Сяржук. — Нікуды не сьпяшаесься. Ніхто не затрымліваецца каля сувэніраў. Размовы іншыя, больш даверлівыя. Я дагэтуль узгадваю дні зь сям’ёй, якую суправаджаў два дні ў Віцебску і адзін дзень у Полацку. Я рабіў ім бонусы па-за праграмай і па-за працоўным часам. Мы каталіся па ўсім горадзе, заяжджалі і ў спальныя раёны, і ў малавядомыя завулачкі».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Адна з прац віцебскіх графітыстаў

Ніхто не пакажа горад лепш за мясцовага гіда, які ведае найлепшыя пабы з крафтавым півам. А дасьведчаныя турысты ўвогуле шукаюць краязнаўцаў, перакананы Сяржук, віцяблянін ня ў першым пакаленьні. І ў гаворцы пра Віцебск ён можа ўзгадаць цікавыя дробязі — кшталту, на якім віцебскім заводзе выпускалі першыя п’езазапальнічкі і гульню, дзе воўк зьбірае яйкі.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»
Кіраўскі (Дзьвінскі) мост і Дзьвіна з вышыні Ўсьпенскай гары

«Здрасьце, вы Сяргей? А дзе крамбамбулю купіць?»

«Аднаго разу сустракаю турыстаў зь цягніка, — узгадвае Сяржук. — Шэсьць гадзін раніцы. „Здрасьце, вы Сяргей? А дзе крамбамбулю купіць?“ А шостай раніцы ў Віцебску складана з напоямі. Таму рэцэпт крамбамбулі запісваем пад дыктоўку па дарозе ў Здраўнёва».

Гэта прыклад таго, што турысты заўжды цікавяцца мясцовым. І віцебскім, і агульнабеларускім. Які тут хлеб, якое піва.

«Яны хочуць адчуваць, што знаходзяцца ў іншай краіне. І тут усё іншае. І дранікі ў нас смачнейшыя», — кажа экскурсавод.

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Праўда, гастранамічныя ўстановы, паводле Сержука, псуюць імідж гораду. Усе гіды кажуць пра гэтую складанасьць. Традыцыйныя стравы ўключаныя ў мэню некалькіх гарадзкіх кавярняў і рэстарацый. Асобныя зь іх ня ў стане прыняць вялікую кампанію, альбо даступныя па перадзамове, альбо нязручныя лягістычна.

На «Славянскім базары» дамінуе шашлык.

«У нас няма, каб танна і смачна. На кожным кроку павінен быць якасны беларускі фаст-фуд, — Сяржук лічыць, што акцэнт рабіць трэба на мясцовым прадукце. — Сюды ж едуць ня сушы зьесьці, а пакаштаваць мясцовых віцебскіх каўбасак».

«Песьня — гэта фішка, якую турысты вязуць дадому»

Сьпеўны сход накшталт майстар-клясаў, якія ладзіць сьпявак Сяргей Доўгушаў, падчас ці пасьля экскурсіі — падарунак для групы, зь якой у экскурсавода складаюцца адносіны. Часам сьпеўны сход адбываецца каля амфітэатру, аднак найчасьцей Сяржук стараецца сьпяваць па-за межамі гораду. Віцебскі фальклёр, габрэйскія песьні цудоўна гучаць у алеі ці на беразе Дзьвіны ў Здраўнёве.

«Не заўсёды, але часта песьні зьвязаныя з каляндарнымі сьвятамі. Вось зараз вясна — яе і будзем з турыстамі гукаць», — дзеліцца бліжэйшымі плянамі Сяржук.

Зімой запатрабаваныя калядныя сьпевы, летам — купальскія. Сьпяваюць і аўтарскія творы, напрыклад, пакладзеныя на музыку вершы Рыгора Барадуліна.

Перад сходам Сяржук тлумачыць турыстам зьмест песьні. «Яны з разуменьнем сьпяваюць, — кажа ён. — Песьня — гэта фішка, якую турысты вязуць дадому».

Як беларускамоўны экскурсавод зь Віцебску рэагуе на заўвагі расейскіх турыстаў пра «недоязык»

Мяркуючы па водгуках, фармат сьпеўных сходаў турыстам падабаецца. Калегі-экскурсаводы зьвяртаюцца да Сержука з просьбамі правесьці для іх заняткі — таксама хочуць сьпяваць са сваімі групамі. Гараджане ж могуць засьпяваць разам з заснавальнікам сьпеўных сходаў Сяргеем Доўгушавым і яго гасьцямі ў вітальні тэатру «Лялька».

«Я хачу заставацца запатрабаваным экскурсаводам», — кажа Сяржук.

І дадае, што неўзабаве песьняў і беларускай мовы стане замала.

«Гэта можна практыкаваць далей і адначасова шукаць нешта новае».

Бо калі турыстам будзе цікава, тады і ўражаньне ад гораду і краіны складзецца станоўчае.

«У працы экскурсавода няма месца крытыцы, — упэўнены ён. — Павінны быць лайкі, падзякі, „вазьміце мяне замуж“ і „хачу да вас яшчэ“».

Photo: svaboda.org (RFE/RL)