Аляксандр Лукашэнка / ria.ru

Масква адказала на эмацыйныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з эканамічным блокам ураду, якая прайшла ў чацвер. Ён сказаў, што Расія сама знаходзіцца пад санкцыямі і ў той жа час санкцыямі «ваюе» з Беларуссю, сваім бліжэйшым саюзнікам. Лукашэнка меў на ўвазе рэгулярнае ўвядзенне Рассельгаснаглядам часовых абмежаванняў на пастаўкі беларускай прадукцыі, перадае Еўрарадыё.

«Тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянным злом, — гаварыў беларускі кіраўнік. — Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі”. Лукашэнка прапанаваў адказваць, напрыклад, спыненнем транзіту расійскай нафты — нафтаправод можа спыніцца на рамонт.

У Расіі і Беларусі няма сумеснага разумення па шэрагу пытанняў камерцыйнага характару, але над гэтым ідзе праца, сказаў ria.ru прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. «Безумоўна, мы ўсё ж такі прыхільнікі танальнасці, якая лепш адпавядае саюзніцкаму характару нашых адносін, — кажа Пяскоў. — Хоць, часам і з разуменнем ставімся, скажам так, да эмацыйных рэплік, менавіта таксама зыходзячы з вельмі асаблівага, вельмі блізкага і дружалюбнага характару нашых двухбаковых адносінаў».

У той жа час расійскія ўлады не згодныя з выказваннем Лукашэнкі пра “выкручванне рук”. “Ніякія санкцыі Расія не ўводзіць”, — заявіў Пяскоў.