Францішак Жылка

Карэспандэнт «Народнай Волі» пагутарыў з чалавекам, які ратуе старажытныя вадзяныя млыны, адкрывае беларускамоўныя стаматалагічныя лякарні, робіць эксклюзіўныя боты, ў 67-гадовым узросце ездзіць на конях і ўдзельнічае ў адкрыцці байкерскага сезона.

У офісе сталічнай кампаніі «Фра-Міл» усе надпісы толькі на беларускай мове. Паўсюль – граматы за перамогу ў розных конкурсах, прадукцыя, якой фірма ганарыцца, фотаздымкі лепшых работнікаў.

У кабінеце дырэктара фірмы Францішка Жылкі – таксама фотаздымкі, але з 1990-х. Станіслаў Шушкевіч разам з Білам Клінтанам, масавая акцыя пратэсту рабочых на плошчы Леніна, побач – кубак з выявай Кастуся Каліноўскага…

З міністэрства – у бізнес

– Я ўжо не памятаю, хто падарыў гэтыя фота, але дакладна ведаю – яны нідзе не друкаваліся, – кажа гаспадар кампаніі. – Мне пра тыя часы шмат што ёсць успомніць, я і сам хадзіў разам з рабочымі на плошчу. Гадоў дзесяць здымкі ляжалі ў архіве, а затым я для іх зрабіў рамачкі і павесіў на сцяну як успамін пра тыя часы.

– У 1990-я дзе вы працавалі?

– Да 1993 года – у цэнтральным апараце Міністэрства транспарту і камунікацый. Прыйшоў туды з пасады галоўнага інжынера аўтапарка, раней працаваў звычайным майстрам і кіраўніком майстэрні. Так што па дарозе ўверх прайшоў усе ступені, а ў міністэрства патрапіў у даволі раннім узросце – у 29 гадоў.

– Гэта бацькі вас падштурхнулі на такі шлях ці самі яго абралі?

– Я яшчэ ў школе бачыў сябе толькі на флоце. Шмат кніг чытаў пра мора, караблі, абарону Порт-Артура. Калі скончыў Палянскую сярэднюю школу ў Смаргонскім раёне, прайшлі удвух з аднакласнікам медкамісію і падалі дакументы ў «мараходку» на штурмана дальняга плавання.

Але тата мяне адгаварыў. Ён катэгарычна не вітаў мае планы і даў такую параду: «Вучыся спачатку на інжынера, бо гэтая спецыяльнасць заўсёды ў павазе – і ў горадзе, і ў вёсцы. Не спадабаецца, то пярэчыць не буду – пойдзеш у сваё плаванне». А ў мяне на самай справе былі здольнасці да тэхнікі. У 13 гадоў аб’язджаў увесь Смаргонскі раён на мапедзе «Рыга-3», спакойна разбіраў і збіраў гэтую тэхніку.
І паступіў у Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі без праблем. Што цікава, я тады быў адзіны з групы, хто здаваў экзамены на беларускай мове – фізіку, матэматыку, астатнія прадметы…

Поўны тэкст гутаркі Алеся Сівага з Францішкам Жылкай чытайце ў газеце “Народная Воля” за 12 красавіка