Грамадствам пачутыя

147
Лявон Баршчэўскі

Прыпамінаю 12 красавіка 1995 года. Тады проста ў зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, у Доме Урада, пераапранутыя людзі, паходжаннем, відавочна, са спецслужбаў, наляцелі і брутальна збілі нас, бяззбройных дэпутатаў беларускага парламента, якія скарысталіся сваім канстытуцыйным правам пратэсту і аб’явілі галадоўку.

Не скажу, што тады грамадства маўчала. Існавалі альтэрнатыўнай прэзідэнцкай уладзе аўтарытэтныя палітычныя структуры, найперш Беларускі Народны Фронт, якія пачалі змаганне за вяртанне ўлады ў канстытуцыйнае поле. Улада, аднак, актыўна засейвала гэтае поле пустазеллем сваіх прапагандысцкіх лозунгаў. За чвэрць стагоддзя ёй удалося звесці практычна на нішто палітычныя альтэрнатывы свайму існаванню.

Але пры гэтым забіць культуру альтэрнатыўную, культуру гуманістычную, ператварыць яе ў цалкам кантраляваны прыдатак так і не ўдалося.

Гэта яскрава засведчыў другі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, які на працягу больш як месяца праходзіў у розных гарадах нашай краіны (Полацк, Гродна. Гомель, Брэст, Мінск). У больш як 140 мерапрыемствах фестывалю прынялі ўдзел самыя вядомыя нашы пісьменнікі, мастакі, філосафы, культуролагі, тэатральныя, грамадскія дзеячы. На пляцоўках фестывалю працавалі дзясяткі стэндаў беларускіх выдаўцоў (амаль выключна недзяржаўных!), па іх водгуках, прададзена нямала гуманістычнай, створанай (зусім не прыўладнымі ідэолагамі) літаратуры на беларускай і іншых мовах свету. Фестываль наведалі сотні людзей, і вельмі прыемна было бачыць вялікую колькасць моладзі – незалежных творцаў, студэнтаў, старэйшых школьнікаў…

Адметнасць фестывалю “Прадмова” – запрашэнне з-за мяжы вядомых творцаў, якія дзеляцца сваімі думкамі і ў вольнай атмасферы абмяркоўваюць і адвечныя, і самыя актуальныя праблемы існавання грамадства і ролю творцаў-інтэлектуалаў у ім.

Арганізатарамі фестывалю мне было даручана правесці круглы стол на тэму “Пісьменнік, улада і грамадства: межы адказнасці”. Каб прыняць удзел у гэтай дыскусіі (а таксама ў прэзентацыі сваіх кніг), у Мінск завіталі легендарныя асобы. Найперш гэта Томас Вянцлава, знакаміты літоўскі паэт, які ў канцы 60-х і 70-х гадах быў актыўным удзельнікам дысідэнцкага руху, адным са стваральнікаў Хельсінкскай групы, і пасля арышту пазбаўлены магчымасці жыць на радзіме, на якую ён толькі цяпер канчаткова вярнуўся. Другім замежным удзельнікам дыскусіі быў адзін з самых вядомых на сённяшні дзень у свеце расійскіх літаратараў Віктар Ерафееў. Менавіта ён у 1979 годзе стаў ініцыятарам выдання непадцэнзурнага літаратурна-мастацкага альманаха “Метропаль”, з якога, паводле яго ўласных слоў, і “пачаўся развал камуністычнай імперыі”.

Да гасцей у дыскусіі далучыўся наш Уладзімір Арлоў, які, таксама як і яго суразмоўцы, пачынаў сваю літаратурную дзейнасць з “самвыдату”, а цяпер належыць не толькі да літаратурных, але і да маральных аўтарытэтаў у нашай краіне, а колькі гадоў таму стаў першым лаўрэатам міжнароднай прэміі з красамоўнай назвай “Еўрапейскі Паэт Свабоды”.

Першым маім пытаннем да суразмоўцаў было пытанне: як можна ацаніць цяперашнія дзеянні ўладаў у Курапатах? І Томас Вянцлава, і Віктар Ерафееў падкрэслілі, што як толькі яны прыехалі ў Мінск, то адразу адправіліся ў Курапаты і ўсклалі там кветкі. Іншага ж слова наконт таго, што там робіцца, акрамя як “злачынства”, яны, як і Уладзімір Арлоў, знайсці папросту не здолелі…

“Што можа ў такой сітуацыі пісьменнік, паэт?” – было натуральным маё наступнае пытанне. – “Быць абсалютна свабодным і дзяліцца гэтай свабодаю з грамадствам – нават з тымі, хто вас, можа, напачатку і чуць не хоча”,– адказаў Віктар Ерафееў і прыгадаў, як падчас зусім нядаўняй сваёй сустрэчы з чытачамі ў расійскай глыбінцы, у Пензе ён убачыў столькі светлых твараў і пачуў столькі разумных пытанняў, колькі ўжо даўнавата не бачыў і не чуў. Для прысутных на сустрэчы беларусаў (а зала была поўная) знакаміты расійскі пісьменнік таксама знайшоў цёплыя словы, якія не выглядалі як дзяжурныя кампліменты.

Томас Вянцлава (чый прыезд супаў з выхадам першай асобнай кніжкі яго паэзіі ў беларускім перакладзе) падкрэсліў, што ён рашучы праціўнік усялякіх нацыяналізмаў у Еўропе, але рух за нацыянальнае адраджэнне ў Беларусі выклікае ў яго толькі пазітыўныя эмоцыі, і што менавіта адданасць нацыянальным традыцыям, на яго думку, можа гуртаваць не толькі нашу інтэлігенцыю, але і – што самае важнае – беларускую моладзь.

Вялікая частка выказванняў і легендарных гасцей, і Уладзіміра Арлова была прысвечана іх уласным жыццёвым дарогам: як, праз пакуты свае і сваіх блізкіх, яны станавіліся свабоднымі людзьмі, не проста літаратарамі, а тымі людзьмі, якія пазнавалі навакольнае грамадства і вучыліся знаходзіць словы, каб быць гэтым грамадствам пачутымі. Уладзімір Арлоў падкрэсліў, што палітычнае гучанне моўнай праблеме, пытанню ўшанавання ахвяраў сталінскага тэрору і сапраўдных герояў беларускай гісторыі сёння свядомая палітызуе сама ўлада, і ніхто іншы…

Перад пачаткам сустрэчы Віктар Ерафееў папрасіў у мяне экзэмпляр нядаўна выдадзенай кнігі “Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці”, сярод суаўтараў якой з’яўляюся і я. Я спытаў у яго: “А вы здолееце прачытаць такую тоўстую кнігу па-беларуску?”. – “Не праблема, – адказаў Ерафееў. – я тут на фестывалі паслухаў, як людзі гавораць па-беларуску і раптам да мяне дайшло: я ж усё, на сто працэнтаў разумею”. Я ахвотна падпісаў госцю кнігу. Што да Томаса Вянцлавы, то ён сам папрасіў (а яго падтрымаў і Ерафееў), каб я ўсю дыскусію вышэйзгаданага круглага стала вёў менавіта на беларускай мове.

Выглядае, што наша мова – праблема толькі для вялікіх і не надта вялікіх беларускіх начальнікаў.


Няма запісаў для адлюстравання