Фота: zbsb.org

Акадэмік Пятро Віцязь распавёў Свабодзе, што кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі цяпер вядзе перамовы з Мінскім гарвыканкамам аб выдзяленні месца для музею касманаўтыкі.

«Мы пераконваем гарадскія ўлады ў тым, што ў сталіцы нашай краіны павінен быць такі музей. Калі ў Мінску хочуць бачыць болей турыстаў, асабліва замежных, то ён проста неабходны. Цяпер прапрацоўваюцца розныя варыянты месца для музею. Мы збіраем для яго экспанаты, цікавыя дакументы. Гэта неабходна рабіць, бо з кожным годам, на жаль, частка з іх губляецца», — сказаў Пётр Віцязь.

На пытанне Свабоды, ці будзе ў гэтым музеі месца для славутага беларуса, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта, якому ў 2020 годзе споўнілася б 110 гадоў, Віцязь адказаў станоўча:

«Безумоўна. Гэта ж адзін з заснавальнікаў касмічнай навукі. Ягоны ўнёсак у развіццё нашай навукі вельмі вялікі. Мы яго памятаем. Віншавалі са 100-годдзем, калі ён быў яшчэ жывы. На жаль, у наступным годзе ўжо павіншаваць не давядзецца. Барыс Кіт пражыў вялікае і складанае жыццё. Былі ў ім і моманты, якія не ўсе разумеюць. Але і час быў няпросты. А навуковец ён выдатны».

Асветнік і навуковец Барыс Кіт памёр 1 лютага 2018 года на 108-м годзе жыцця ў Франкфурце-на-Майне.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазней Наваградскай гімназіі. За беларускую дзейнасць пераследаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны.

У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і абʼяднанняў.