Фота belsat.eu

10 красавіка пяцёра абаронцаў Курапат – Ганна Шапуцька, Дзяніс Урбановіч, Валер Рабцаў, Віталь Трыгубаў і Зміцер Казакевіч – зарэгістравалі ў Адміністрацыі прэзідэнта зварот на імя кіраўніка краіны з патрабаваннем вярнуць 70 знесеных крыжоў на месца.

У адкрытым звароце, пад якім актывісты паставілі подпісы, гаворыцца, што 4 красавіка 2019 года стала «трагічным днём для беларускага грамадства», перадае Белсат.

«Вы пайшлі вайной супраць свайго народа, аддаўшы каманду на знішчэнне Курапацкіх крыжоў, якія грамадзяне Рэспублікі Беларусь усталявалі ў памяць аб беларусах, закатаваных, забітых сталіністамі ў 30-40-я гады ХХ стагоддзя», – звяртаюцца да Лукашэнкі аўтары звароту.

Актывісты звярнуліся да Лукашэнкі з нагоды зносу крыжоў у Курапатах
Зварот абаронцаў Курапат, фота belsat.eu

Яны адзначаюць, што працы па ўсталяванні крыжоў у свой час каштавалі 11 тысяч рублёў – гэтыя грошы збіралі праз краудфадынг. Актывісты таксама прыгадваюць: яшчэ ў 2002 годзе навуковы кіраўнік мемарыялу Курапаты Мая Кляшторная (дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага) узгадніла з уладамі перыметр, дзе могуць быць пастаўленыя крыжы. Такім чынам, заканадаўства не было парушанае.

Хаця ўлады назвалі сёлетні дэмантаж крыжоў «добраўпарадкаваннем тэрыторыі ўрочышча», абаронцы Курапат называюць гэта «дзяржаўным вандалізмам».

У будынак Адміністрацыі прапусцілі толькі двух чалавек – Ганну Шапуцьку і Валера Рабцава. Яны зарэгістравалі зварот і прыклалі да яго дакумент 1993-га года аб зацвярджэнні канцэпцыі народнага мемарыялу ў Курапатах.

Поделиться ссылкой: