Фото с сайта novychas.by

Прэмію атрымаў мастак з Санкт-Пецярбурга Грыгорый Кацнэльсон, які зрабіў вокладку да беларускага перакладу «Віленскага покера» Рычарда Гавяліса. Сябры журы адзначылі ягоную працу за свежы погляд на кніжны дызайн.

Грыгорый Кацнэльсон — мастак, графік, афармляе кнігі ўласнага выдавецтва «Асф-АльтЪ ИЗДАТ», як ілюстратар супрацоўнічае з піцерскім часопісам «ЧИЖ И ЁЖ» ды іншымі выданнямі. Падчас працы над вокладкай да «Віленскага покера» ён стварыў шэсць мастацка-графічных варыянтаў, творы экспанаваліся на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».

На прэмію намінаваліся больш за 60 кніг, фіналістамі сталі:

Анатоль Лазар — Чарльз Букоўскі «Чытво», выдавецтва «Логвінаў»;
Аляксандр Лучына — VEHA «Найлепшы бок», выдавецтва «Янушкевіч»;
Арцём Масюкевіч — Святлана Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдавецтва «Логвінаў»;
Агата Пойзан — укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтр «Вясна»;
Анастасія Стальмахова — Вольга Шпарага «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва «Медысонт»;
Святлана Татарнікава — Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва «Медыял»;
Сяргей Шаматульскі — Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва «Логвінаў»;
Уладзіслава Юрчанка — Антон Кулон «Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС», выдавецтва «Галіяфы»;

У журы ўвайшлі пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная сёлета ў памяць пра дызайнера, паэта, фатографа, культуролага, які пайшоў з жыцця год таму. Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і «Лятучым універсітэтам», а таксама польскім партнёрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генеральным партнёрам выступіў незалежны тэлеканал «Белсат», прэмія ладзіцца ў межах грамадскай кампаніі «Беларускамоўныя».