Зінаіда Бандарэнка

Як вядома, 4 красавіка ў Курапатах – месцы масавага пахавання расcтраляных у сталінскія часы людзей – мясцовыя ўлады пачалі вывозіць крыжы, якія грамадскасць паставіла за ўласныя грошы у памяць аб ахвярах. Было заяўлена, што такім чынам збіраюцца добраўпарадкаваць тэрыторыю.

Зінаіда Бандарэнка распавяла “Радыё Рацыя”:

— Шчыра кажучы, я такога не чакала ад уладаў. Разумею, што яны паставілі там свой помнік і хочуць перавесці абсалютна ўсё на дзяржаўную аснову. А крыжы, якія там стаяць, ім перашкаджаюць. Але ж гэта народны мемарыял. Крыжы — гэта помнік ад народа, тая сцяжынка, якая ідзе ля крыжоў, яна таксама народная. Крыжы — гэта боль, гэта памяць і плач па тых, каго расстралялі сталінскія служакі. І гэтага з гісторыі і памяці людзей не выкарчуеш ніякімі трактарамі.

— Чаму, на ваш погляд, улады пайшлі на такі крок?

— З пункта гледжання здаровага сэнсу гэта наогул немагчыма патлумачыць. Каму перашкаджалі тыя крыжы? Каму перашкаджаюць людскія малітвы па загінулых? Што ўлада такімі бязглуздымі дзеяннямі хоча даказаць людзям? У такі няпросты час, калі краіне патрэбна згода і еднасць, кампраміс і дыялог, улады наадварот пайшлі на абвастрэнне сітуацыі, на раскол грамадства. Не выключаю, што такім чынам беларускія ўлады вырашылі зрабіць рэверанс перад Крамлём, бо ў Расіі апошнім часам таксама носяць Сталіна на руках. Ганебная сітуацыя!

Поделиться ссылкой: