Фота: Радыё Свабода

Арганізатары святкавання Дня волі ў Мінску прынялі рашэнне адмовіцца ад аплаты паслуг міліцыі.

“Самі па сабе такія паборы сумнеўныя з кропкі гледжання Канстытуцыі, бо працу міліцыі мы аплацілі сваімі падаткамі і на масавыя мерапрыемствы маем законнае права, — паведаміў на сваёй стронцы ў Фэйсбук старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. — Але ў выпадку з выкананнем міліцыяй сваіх абавязкаў у Кіеўскім скверы ёсць шэраг пытанняў”.

Са слоў Губарэвіча, па-першае, “падчас мерапрыемства невядомыя асобы выкралі з пляцоўкі, якая ахоўвалася міліцыяй, і звезлі ў невядомым накірунку Зміцера Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага”. На гэтых асобах не было знакаў адрознення, яны не прадставіліся і не назвалі прычыны “затрымання“, а прысутныя на мерапрыемстве супрацоўнікі міліцыі ў форме адмаўляліся рэагаваць на гэты інцыдэнт і нават паведаміць, хто каардынуе іх працу ў Кіеўскім скверы.

Па-другое, супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся на пунктах пропуску, незаконна не дазвалялі ўдзельнікам масавага мерапрыемства пакінуць тэрыторыю з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

І, па-трэцяе, лічыць Юрась Губарэвіч, адбыліся маніпуляцыя з лічбай удзельнікаў.

“Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова звярталіся да арганізатараў з паведамленнем, што колькасць удзельнікаў перавысіла заяўленую і заяўнікам мерапрыемства давядзецца даплаціць за паслугі міліцыі, — кажа ён. — Паводле міліцыі, у Мінску сабралася да 1.500 чалавек, у той час, як у Гроднеі яны зафіксавалі лічбу ў 2,5 разоў меншую — 600 чалавек. Але ж мы з вамі ведаем з паведамленняў некаторых незалежных СМІ, што насамрэч усё было роўна наадварот”.

Сёння заяўнікі перадалі ва УУС Мінгарвыканкама пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы. Не выключана, што справа дойдзе і да падачы заявы ў суд.