Фота https://wallbox.ru

Не за царом Гарохам, але даўненька ў рэдакцыю «Сельской газеты» паляшук з Петрыкаўскага раёна прыслаў невялічкую заметку пра воўка, які напаў на яго ў
глухім лесе. Чалавек перамог лютага звера. «Прыроду ў рэдакцыі вяла Ліля Шуман. Яна напісала аўтару, што, загубіўшы воўка, ён паступіў неабачліва: маўляў, ваўкі прыносяць карысць, яны выконваюць санітарную функцыю. Праз некалькі дзён прыйшоў адказ ад аўтара, абуранага ў сваіх лепшых пачуццях: «Дык што, мне трэба было пачакаць, пакуль воўк выканае гэту самую хвункцыю?»

Уся рэдакцыя смяялася. «Санітараў трэба берагчы, – жартавалі з Лілі калегі, – без іх з хвункцыяй непярэліўкі…» Адным словам, і смех і грэх.

Пасля вайны не леснікі былі гаспадарамі лесу, а зубастыя, злыя звяры. Яны нападалі на калгасныя фермы, шасталі па вёсках: душылі прама на пашы авечак, цялят, здаралася, нападалі на людзей. Уварвецца ў авечую атару ці гурт кароў воўк і, п’янеючы ад крыві, душыць жывёлу.

Ва Ушацкім раёне адзін «мудры» старшыня калгаса, каб сэканоміць на пастухах, перавёз лодкамі на даволі вялікі азёрны востраў ажно дзве сотні авечак. Ён выхваляўся, што там мора травы: авечкі будуць тлусцець не па днях, а па гадзінах. «Праз месяц праведаю сваю атару, а так і трывожыць не варта. Да бліжэйшага берага не менш за кіламетр, не ўцякуць», – паціраў рукі гаспадарнік.

Пра беражлівага кіраўніка праўлення надрукавала заметку раённая газета, прайшла інфармацыя па абласным і нават рэспубліканскім радыё. У адначассе таварыш стаў знакамітым. Праз тры тыдні, прыхапіўшы з сабой карэспандэнтаў, галоўнага заатэхніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі, ён павёз дарагіх гасцей на цуд-востраў. Прыплылі, ступілі на бераг. Страшны смурод. Безліч мух. Ніводнай жывой авечкі. Мора крыві…

Як клімавіцкі паляўнічы Пётр Пруднікаў знішчыў пасля вайны тысячу ваўкоў — чытайце ў газеце «Народная Воля» за 2 красавіка