“Выяўляем болевыя кропкі”: магілёўскіх студэнтаў правяраюць на экстрэмізм

42
Фота: msu.by

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце студэнтаў тэстуюць на схільнасць да экстрэмізму і нацыяналізму. У анкеце, якую мусіць запоўніць кожны, ёсць таксама пытанні пра стаўленне да недазволеных акцый пратэсту. Апытанне ананімнае, але факультэт і курс пазначыць трэба, перадае Еўрарадыё.

“Выяўляем болевыя кропкі”: магілёўскіх студэнтаў правяраюць на экстрэмізм
Тэлеграм-канал “Отчислено”

Фота анкеты з’явілася 27 сакавіка ў тэлеграм-канале “Отчислено”. У аддзеле выхаваўчай працы з моладдзю Магілёўскага ўніверсітэта Еўрарадыё пацвердзілі, што задаюць студэнтам няёмкія пытанні.

“Пытанні рознага характару, — распавядае начальнік аддзела Людміла Набокава. — Пытанні пра здаровы лад жыцця. Пытанні, якія тычацца жыццядзейнасці нашых студэнтаў. Выяўляем болевыя кропкі і працуем у кірунку, каб павысіць эфектыўнасць выхаваўчай працы”.

Чыноўніца запэўнівае: “Гэта ўсё толькі для таго, каб павысіць прававую пісьменнасць студэнтаў, не больш. Мы нічога не забараняем, а праводзім інфармацыйную працу”.

Ва ўніверсітэце дадаюць, што пытанні для анкетавання выпрацоўваюць самі, а ўсе вынікі — выключна для ўнутранага карыстання.

Поделиться ссылкой: