Уладзімір Някляеў. Фота Арцёма Лявы

Палітык Уладзімір Някляеў распавёў пра тое, чаму рэферэндум па Саюзнай дзяржаве нясе для Беларусі пагрозу.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прапанавала правесці рэферэндум па пытанні Саюзнай дзяржавы.

«Брацкім народам Беларусі і Расіі Саюзная дзяржава, як палітычны праект, не патрэбна, – напісала яна ў Facebook. – І, магчыма, прыйшоў час паставіць кропку ў гісторыі з Саюзнай дзяржавай праз рэферэндум».

Уладзімір Някляеў: Усе рэферэндумы, якія праводзяцца ў несвабоднай краіне, маюць прадказальны вынік, таму яны небяспечныя ў любым выпадку. Тым больш, як паказалі падзеі падчас святкавання Дня Волі, самастойнасці ў дзеяннях беларускіх уладаў усё меней. Склалася такое адчуванне, што затрыманнямі камандавалі зусім іншыя, але не ўласнае кіраўніцтва краіны. Бо, калі ёсць на словах заявы пра барацьбу за незалежнасць, адстойванне нацыянальных інтарэсаў, то павінны быць нейкія ўчынкі і факты, якія пацвярджаюць гэтыя словы. Напрыклад, святкаванне Дня Волі на сталічным стадыёне было б такім фактам. Але ж гэтага няма.

РР: У Дзень Волі наадварот адбыліся затрыманні…

Уладзімір Някляеў: Дзень Волі ўладамі быў прыдушаны ні ў інтарэсах Беларусі, ні беларускага народа, ні нават у інтарэсах улады. Значыцца, душыла нейкая трэцяя сіла, і яна на сёняшні дзень відавочная. Таму пры такім уплыве трэцяй сілы (а не толькі пры жаданні альбо нежаднні беларускага кіраўніцтва) праводзіць які-небудзь рэферэндум – гэта вялікая рызыка. Саюзную дзяржаву мы павінны аспрэчваць апрыёры, без усялякіх рэферэндумаў.