Яраслаў Раманчук у студыі Еўрарадыё / Раман Пратасевіч

25 сакавіка пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч правёў сустрэчу з эканамістам Яраславам Раманчуком. Нагодай стала публікацыя Раманчука ў «Беларускім партызане», дзе ён абвяргаў сцвярджэнні, быццам Расія корміць Беларусь.

У каментары Радыё «Свабода» эканаміст паведаміў, што сустрэча цягулася амаль дзве гадзіны і прысвячалася пераважна эканамічным тэмам, перадае Еўрарадыё.

«Пасол сказаў, што расійскія прапановы аб збліжэнні ў межах «саюзнай дзяржавы» — мыты, падаткі, грошы — вынікаюць з тых запатрабаванняў, якія ставіць беларускі бок», — пераказаў Раманчук.

Напрыклад, Расія даціруе сваіх прамыслоўцаў на 1%, і Беларусь хоча такія ж датацыі, бо «мы ж у адзінай саюзнай дзяржаве». Пры гэтым беларускія ўлады — супраць адзіных нормаў кантролю за перамяшчэннем тавараў. «Гэтыя розныя падыходы фактычна вынікаюць з розных інтэрпрэтацыяў «саюзнай дзяржавы». Беларускі бок мае прэтэнзіі на пэўныя формы падтрымкі з боку расійскага бюджэту», — тлумачыць эканаміст. Па яго словах, расіяне гатовыя даваць такую падтрымку, калі прадпрыемствы стануць па сутнасці расійскімі.

Абмеркавалі яны і беларускія прапановы па інтэграцыі, пра якія казаў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. «Беларускі бок мае прапановы па прамысловай палітыцы. Каб расійскі ўрад забяспечваў умовы збыту беларускай прадукцыі гэтак жа, як гэта робіць беларускі бок у сваёй краіне. Але расійскі ўрад, Пуцін гэтага не могуць рабіць», — распавядае Раманчук.

Эканаміст дадаў, што па словах Бабіча, ніхто ў кіраўніцтве Расіі не ставіць пад сумнеў і пагрозу суверэнітэт Беларусі. А прапанова пра адзіную валюту, якая прагучала ад міністра Сяргея Лаўрова ды іншых расійскіх чыноўнікаў, — «гэта шлях» і доўгі працэс.

«Я спытаў пасла: пра які супольны рынак электраэнергіі можна гаварыць, калі вы не пускаеце да сябе электраэнергію з БелАЭС? Пасол адказаў: мы цану будаўніцтва АЭС знізілі ўдвая, сабекошт электраэнергіі атрымліваецца 4 цэнты. Што мы яшчэ можам саступіць, каб зрабіць лепшыя ўмовы для беларускага боку? — спытаў пасол», — падзяліўся Раманчук дэталямі размовы.

Па выніках сустрэчы Бабіч і Раманчук дамовіліся стварыць экспертную групу, якая падрыхтуе даклад пра стан беларуска-расійскіх эканамічных адносінаў.