Фота з сайта nn.by

Гэта першы беларускі бізнэсовец, які зрабіў сваё шляхецкае прозвішча і герб бізнэс-брэндам.

У ноч на 26 сакавіка памёр бізнэсовец і пісьменнік Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. Яму было 72 гады. Прычына — даўняя анкалогія.

Сям’і Статкевіча належалі Навагрудская фабрыка спецвопраткі, Гомельская абутковая фабрыка. Пад брэндам «Стэцкевіч» ён прадаваў мэблю.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў меў дзяржаўныя ўзнагароды за стварэнне 4-томнай серыі гісторыка-дакументальных кніг «Я — сын Ваш». Ён даследаваў гісторыю беларускай шляхты.

«Гісторыяй свайго роду я цікаўлюся практычна ўсё сваё жыццё. Таму што я нарадзіўся ў вёсцы Засмужжа Любанскага раёна, і да рэвалюцыі гэта быў маёнтак майго дзеда. Потым пачалася рэвалюцыя, раскулачванне, мой дзед быў расстраляны, сям’я была высланая ў Комі-Пермяцкую акругу. Усё гэта няшчасце з сям’ёй падштурхнула мяне да вывучэння свайго роду. І калі я ўжо многія гады працаваў над гісторыяй свайго роду, я настолькі захапіўся, што гэта стала галоўнай тэмай майго жыцця — вывучэнне роду ў мяне перарасло ў вывучэнне гісторыі айчыны. Сваю працу я разумею не як вывучэнне радаводу, а як вывучэнне гісторыі грамадства, айчыны праз чалавека, праз сям’ю, праз род», — расказваў ён у інтэрв’ю Naviny.by