Фота: Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Салюты ў гонар Дня Волі запусцілі ў Мінску. Арганізатары свята раней заклікалі, каб іх запускалі па ўсёй краіне 25 сакавіка а 21-й гадзіне. У інтэрнэце пачало з’яўляцца відэа.

Адзін з салютаў быў запушчаны ў той час, калі з Цэнтральнага РУУС пачалі выпускаць затрыманых.

Як паведамляе Еўрарадыё, увечары 25 сакавіка ў Мінску з Цэнтральнага РУУС вызвалілі ўсіх затрыманых на Дзень Волі, акрамя Алены Талстой. Грамадская актывістка прыкоўвала сябе ланцугом да асвятляльнага слупа на Кастрычніцкай плошчы. Як стала вядома, яна аб’явіла галадоўку. Жанчыну з Цэнтральнага РУУС павезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

Вызвалена было больш за дзясятак чалавек. Гэта і вядомыя музыкі, і апазіцыйныя палітыкі, і звычайныя грамадзяне (некаторых з іх жорстка затрымлівалі)

«Нас абсалютна незаконна затрымалі, — кажа лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. — Пратрымалі на вуліцы больш за тры гадзіны. Склалі нейкія дзіўныя паперы пра тое, што была прафілактычная размова. Мы нічога не парушылі, нас незаконна затрымалі і яшчэ склалі пратакол пра нейкую прафілактычную размову…».

Па словах Казлова, міліцыянер перад вызваленнем забраў у яго некалькі дзясяткаў бел-чырвона-белых сцяжкоў.