Балельшчыкаў і аматараў спорту ўжо прывучылі, што лепш за ўсё ў спорце разбіраюцца людзі ў пагонах. Напрыклад, дзеючы міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук – былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта. Яго папярэднік Аляксандр Шамко прыйшоў на гэтую пасаду з крэсла намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях. У 2003–2005 гадах спартыўнае ведамства ўзначальваў экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў, якога ў спартыўных колах нярэдка называлі «Танкіст».

Трохразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарцы Уладзімір Парфяновіч неяк мне расказваў пра гэтага міністра так: «Сівакоў мне больш за ўсіх падабаўся, бо аднойчы сабраў трэнераў і шчыра прызнаўся: «Хлопцы, я ў гэтым спорце ні чорта не разбіраюся, а таму дапамагайце».

У федэрацыях сітуацыя не лепшая. Хто толькі імі не кіраваў! У хакеі, які знаходзіцца пад асаблівай увагай першых асоб краіны, на кіраўніцтва федэрацыяй адпраўлялі міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава і начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Юрыя Бародзіча, экс-старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага і былога старшыню Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіру.

А ведаеце, як называлі Дом футбола ў часы, калі Федэрацыяй футбола кіраваў экс-сакратар дзяржбяспекі Беларусі Генадзь Нявыглас? Дом афіцэраў! Зараз, мяркуючы па ўсім, традыцыі працягнуцца…

Поўны тэкст артыкула Алеся Сівага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 26 сакавіка