Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Баранавічы 22 сакавіка заявіў пра больш як сотню затрыманняў у справе аб пастаўках запасных частак

Такая інфармацыя прагучала ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», піша Белсат.

Паводле Лукашэнкі, затрыманыя пасярэднікі «па нейкіх падшыпніках». Ён адзначыў, што як зачапілі адно звяно, «па ўсёй краіне пакацілася».

«А людзі не маўчаць. Людзі прыходзяць і здаюць усіх з трыбухамі», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Раней інфармацыі пра буйныя затрыманні ў сферы закупак запчастак не было. Толькі ў канцы лістапада 2018 года Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што адно з камунальных прадпрыемстваў Гомельскай вобласці, закупаючы імпартныя запчасткі ў рэгіянальных пастаўшчыкоў, паралельна набывала іх жа ў пяці падкантрольных ІП па цане ў некалькі разоў большай за іх сапраўдны кошт. Гэтыя прадпрымальнікі набывалі запчасткі ў тых жа пастаўшчыкоў, а тавар наўпрост ішоў са склада рэгіянальнага пастаўшчыка на склад камунальнага прадпрыемства.

Часам гандлёвая надбаўка пасярэднікаў да цаны рэгіянальнага пастаўшчыка дасягала 800%. Схема дзейнічала цягам 2016-2018 гадоў.

За пастаўленыя запчасткі прадпрыемства наўпрост ІП грошы не пералічвала. Сродкі паступалі на іх рахункі ад суб’ектаў, якім прадпрыемства аказвала камунальныя паслугі. Пасля грошы размяркоўваліся паміж дырэктарам прадпрыемства і іншымі зацікаўленымі асобамі.

У выніку закупак запчастак па завышаным кошце прадпрыемству нанесеная шкода на больш за 500 тыс. рублёў. Па дадзеных фактах была распачатая крымінальная справа па ч. 4 арт. 210 КК. Па ёй падазраванымі былі прызнаныя 8 чалавек. Двое з іх (уключаючы дырэктара прадпрыемства) былі заключаныя пад варту.