Павел Грыб / hromadske.ua

Суд у расійскім Растове-на-Доне прысудзіў палітвязня з Украіны Паўла Грыба да шасці гадоў пазбаўлення волі, паведамляе hromadske.ua.

20-гадовага хлопца прызналі вінаватым у тым, што ён схіляў да тэракту расіянку Таццяну Яршову, перадае Еўрарадыё.

«Прызнаць Паўла Грыба вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму», — назваў вырак суддзя.

Пасля вынясення прысуду Грыб абвясціў галадоўку.

Нагадаем, што хлопец паехаў з Украіны ў Гомель на сустрэчу са знаёмай, адкуль нечакана знік. Аб’явіўся ён ужо ў СІЗА ў расійскім Краснадары. Беларускія спецслужбы заяўлялі, што нічога не ведаюць пра затрыманне Грыба на сваёй тэрыторыі, і нават планавалі пачаць крымінальную справу па выкраданні чалавека.

У сваім апошнім слове хлопец згадаў дэталі свайго выкрадання з Беларусі. «Мая памылка ў тым, што я быў непрадбмачлівы. Ніхто не мог падумаць, што быццам бы нейтральная Беларусь апынулася насамрэч такой небяспечнай. Беларускія органы /…/ не перашкаджалі майму выкраданню. Мяне душылі, білі і звязалі да пасінення рукі. Шнар на правай руцэ дагэтуль пра гэта нагадвае», — заявіў Грыб.