Чарговы факт вандалізму ў Курапатах зафіксавалі актывісты, якія пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим» каля народнага мэмарыялу.

«Сёньня ўбачылі, што паваленыя адразу 14 крыжоў, некаторыя з мэталічнымі ражкамі, — паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец. — То бок гэта дакладна ня проста праходзілі ўздоўж і нагой пнулі старыя крыжы, а мэтанакіравана павалілі гэтак шмат», перадае Радыё Свабода.

Паводле Севярынца, паваленыя крыжы знаходзяцца кампактна ў двух месцах: паміж рэстарацыяй і мэмарыяльным знакам 6 крыжоў і яшчэ 8 — за крыжом-помнікам Вацлаву Ластоўскаму.

У Курапатах невядомыя павалілі адразу 14 крыжоў
Фота: facebook.com

Павал Севярынец не выключае, што гэта была акцыя, скіраваная на паступовае зьнішчэньне ўсіх крыжоў на тэрыторыі Курапацкага лесу.

«Новы парадак — цяпер нават, каб адрамантаваць крыж, патрэбна ўзгадненьне зь мясцовымі ўладамі і міністэрствам культуры. Дык калі гэтак пойдзе — па 14 крыжоў зьнішчаюць адразу — хутка можа нічога і не застацца. Магчыма, гэта нас такім чынам правяраюць, ці не саступім», — сказаў Павал Севярынец.

Паводле актывістаў, у народным мэмарыяле больш за тысячу крыжоў. У лістападзе 2018 году ў Курапатах на ўзвышшы, празваным Галгофаю, усталявалі афіцыйны мэмарыяльны знак, які замовіла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, а кантралявала працы міністэрства культуры. Знак дагэтуль урачыста не адкрыты.

Поделиться ссылкой: