Аляксандр Класкоўскі

Пасля леташняга прыгожага масавага святкавання Дня Волі сёлета ўлады не наважыліся даць дазвол на збор людзей на стадыёне «Дынама» і ля Опернага тэатра. І ўсё ж спахапіліся і ў выніку згадзіліся мо і не на самыя кепскія варыянты ў Мінску і Гродне.

Кладучы руку на сэрца, апазіцыя (я кажу пра апазіцыю ў шырокім сэнсе) таксама паказала сябе не найлепшым чынам. Ад пачатку распалася на розныя ініцыятывы што да месца і сцэнарыя святкавання (а хтосьці, убраўшыся ў белую тогу, стаў ганіць і тых, і другіх). Потым пачалі звыкла скубціся за рэсурсы. А сёння ж, у эпоху сацыяльных сетак, такая мышыная валтузня як на далоні і аўтарытэту нікому не дадае.

Уся гэтая неразбярыха, спароджаная як гульнямі ўлады, так і ўнутрыапазіцыйнымі інтрыгамі, пэўна ж, зменшыць масавасць мерапрыемстваў (хоць я шчыра зычу, каб на кожнай з пляцовак народу сабралася як мага болей).

Але калі нехта наверсе пацірае рукі, што ўдалося змазаць святкаванне, то гэта не ад вялікага розуму. Улады атрымалі піраву перамогу.

Прычым яны, мяркую, дарэмна перастрахаваліся. Па-першае, леташні досвед паказаў, што ніякай небяспекі для вярхоў у масавым святкаванні Дня Волі няма. Людзі прыйшлі з выключна мірнымі намерамі, у пазітыўным настроі. Ніхто не збіраўся штурмаваць урад.

Па-другое, варта ўжо наматаць на вус: нават калі ў нейкім месцы збяруцца тры свядомыя беларусы, то расійскія шавіністычныя каментатары пры жаданні ўсё адно здольныя стварыць ілюзію, што ў нас тут разгул мясцовых бандэраўцаў ды іншых русафобаў. Дык ужо калі і трываць наскокі вялікадзяржаўнай прапаганды, то хай будзе за што…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 22 сакавіка