Фота з сайта Радыё рацыя

Актывісты правацэнтрысцкай кааліцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымалі дазвол на правядзенне мітынгу і канцэрта 24 сакавіка на пляцоўцы каля фантана ў Кіеўскім скверы сталіцы. Пра гэта яны паведамілі на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

„Мерапрыемства будзе ў Мінску, у легальным фармаце. На мінулым тыдні, улічваючы сітуацыю, мы падалі заяўку на Кіеўскі сквер. Гэтая пляцоўка змяшчае не менш людзей, чым пляцоўка каля опернага тэатра”, — сказаў кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Збор прызначаны на 12.00, пачатак мерапрыемства ў 13.00. Пляцоўка можа змясціць да 5.000 чалавек.

Паводле слоў арганізатараў, агульная сума выдаткаў на забеспячэнне мерапрыемства складае каля 10 тысяч рублёў. Сабрана ўжо больш за 20 тысяч. Сёння заяўнікі запрошаны на сустрэчу ў Мінгарвыканкам для ўдакладнення арганізацыйных момантаў.

Мінскі гарвыканкам не адказаў на зварот актывістаў з просьбай дазволіць устаноўку памятнай дошкі, прысвечанай 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, па адрасе Валадарскага, 9, і арганізаваць 25 сакавіка з гэтай нагоды цырымонію з мітынгам.

Раней правацэнтрыстам было адмоўлена ў правядзенні мітынгу каля опернага тэатра. Заяўкі былі пададзеныя на 24 і 25 сакавіка. Таксама мінскія гарадскія ўлады адмовілі Партыі БНФ і культурнай пляцоўцы „Арт Сядзіба” ў шэсці і мітынгу-канцэрце ў цэнтры Мінска на плошчы Свабоды ці каля Палаца спорту.