Аляксандр Лукашэнка і Віктар Шэйман / БЕЛТА

14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка і Віктар Шэйман, кіраўнік справамі прэзідэнта, гаварылі пра афрыканскія краіны, з якімі можна супрацоўнічаць. «Мы дамаўляліся, што вы пабудзеце ў шэрагу краін, з якімі мы спрабуем супрацоўнічаць і ў нас завязаліся добрыя дачыненні, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Каб разумець (тут хаваць няма чаго), на якія дзяржавы ў Афрыцы нам абапірацца для выбудоўвання дачыненняў на далёкай дузе. Вы больш, чым хто-небудзь, гэтым займаецеся», паведамляе Еўрарадыё.

Лукашэнка выслухаў прапановы Шэймана. Як вядома, адна з такіх краін —— Зімбабвэ. У пачатку вясны 2018-га кіраўнік справамі прэзідэнта інфармаваў кіраўніка дзяржавы пра сваю паездку ў гэтую краіну, пра дамоўленасці аб пастаўках беларускіх трактароў. У верасні мінулага года Віктар Шэйман прывёз прэзідэнту Зімбабвэ Эмерсану Мнангагве меч, правёў перамовы. Пасля вяртання ён паведаміў Лукашэнку пра вынікі. У пачатку 2019-га прэзідэнт Зімбабвэ прыязджаў у Беларусь і запрасіў беларускага кіраўніка ў сваю краіну.