Адказ з Мінгарвыканкама / Еўрарадыё

Мінгарвыканкам афіцыйна адмовіў заяўнікам акцыі да Дня Волі, якія хацелі правесці святкаванне 24 сакавіка на стадыёне «Дынама». Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё распавёў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Афіцыйная прычына адмовы — падрыхтоўка стадыёна да II Еўрапейскіх гульняў. «З улікам падрыхтоўкі нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама» да правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года лічым правядзенне мітынгу і канцэрту на дадзенай пляцоўцы немэтазгодным», — паведамляецца ў адказе Мінгарвыканкама.

Прадстаўнікі Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі «Арт-Сядзіба» падавалі заяўку на правядзенне святкавання на стадыёне «Дынама» да 101-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Святочны мітынг і канцэрт планавалася правесці на сталічным стадыёне «Дынама».

Аднак на прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць такую заяўку асабістай абразай. «Святкавання на стадыёне «Дынама» не будзе. Гэта я вам адказна кажу», — паведаміў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў правесці акцыю на плошчы Бангалор.

4 сакавіка арганізатары акцыі падалі новую заяўку на шэсце і святкаванне каля Палаца спорту або на плошчы Свабоды.

Дарэчы, 1 траўня на стадыёне «Дынама» прызначаны канцэрт Аляксандра Саладухі. Мяркуючы па ўсім, гэты канцэрт не перашкаджае падрыхтоўцы да Еўрагульняў.

Мінгарвыканкам афіцыйна забараніў праводзіць Дзень Волі на "Дынама" (дакумент)

Мінгарвыканкам афіцыйна забараніў праводзіць Дзень Волі на "Дынама" (дакумент)
Адказ з Мінгарвыканкама / Еўрарадыё