Фота: belta.by

Спявачка Зена прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні 2019». Яе песня «Like It» набрала 69 з 70 балаў ад журы і з адрывам перамагла ў нацыянальным адборы.

Канкурсанта ад Беларусі выбіралі увечары 7 сакавіка ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 1», перадае Еўрарадыё. У гэтым годзе не было глядацкага галасавання, а ўвесь цяжар рашэння быўо перакладзены на журы, якое складалася з прафесіяналаў ад шоў-бізнэсу.

Зена выступала пад другім нумарам. Пасля таго, як яна набрала амаль максімальны бал (адзінай, хто паставіў ёй 9, была старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч), інтрыгі ў конкурсе амаль не засталося. На другім месцы ў адборы размясціўся дуэт BLGN & Mirex, на трэцім — швед Sebastian Roos.

Зена — выхаванка расійскага прадзюсера Віктара Дробыша. Яе сапраўднае імя — Зіна Купрыяновіч. Яна нарадзілася 17 верасня 2002 года ў Мінску. З ранняга дзяцінства была актыўным дзіцём: займалася балетам, гімнастыкай і хадзіла ў мастацкую школу.

Сёлета міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне» пройдзе ў Тэль-Авіве з 14 па 18 траўня.