Фота https://vitebsk.biz

Пасля паспяховага ўдзелу ў папулярным украінскім тэлешоу «Х-фактар» маладая беларуская спявачка абвясціла пра тур па гарадах Беларусі і Украіны.

Паліна ўжо выступіла ў Вінніцы, Львове, Івана-Франкоўску, наперадзе Гомель, дзе выступленне спявачкі запланавана на 8 сакавіка. Далей афіша такая: 14 сакавіка – Харкаў, 16-га – Кіеў, 17-га – Адэса, 8 красавіка – Мінск, 20-га – Віцебск.

«Праз месяц будзе вельмi важны для меня кaнцэрт: прэзентацыя другога альбома і дзень майго 25-годдзя. Пазней будзе больш падрабязнасцяў, а пакуль – 8 красавіка – Palina, Мiнск, «Бруге», – так прэзентуе сваё выступленне ў Мінску спявачка.

«Гэта цікавая і пазнавальная персона сучаснай беларускай музыкі, – кажа пра Паліну Рэспубліку Лявон Вольскі. – Мне вельмі імпануе яе смелы падыход. Яна змяняе стылі, эксперыментуе».

У рэпертуары Паліны Рэспублікі шмат песень на беларускай мове. На пытанне пра мову ў эфіры Радыё Свабода яна адказала так: «Мова – гэта не пазіцыя, мова – гэта культурная з’ява. Я лепей буду спяваць на дзесяці мовах у розных краінах свету, але ўсе будуць ведаць, што я беларуская спявачка… Мы жывём у глабальным свеце, дзе важна, які ты чалавек. Трэба быць шчырым. Калі ты шчыра любіш сваю краіну, ты не зможаш гэта ўтаіць. Калі ты любіш сваю мову, то будзеш пісаць на ёй песні, не думаючы, як гэта гучыць і каму падабаецца».