Наста Бойка / Еўрарадыё

У аўторак увечары на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прайшла несанкцыянаваная акцыя ў падтрымку палітвязняў. У ёй паўдзельнічала каля дзясятка чалавек, а сярод іх вядомыя грамадскія актывісты — Вольга Мікалайчык, Мікола Дзядок, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў. Яшчэ некалькі патэнцыйных удзельнікаў акцыі былі прэвентыўна затрыманыя (вядома пра затрыманне Паўла Севярынца).

Дзядок у каментары Еўрарадыё адзначыў, што на сённяшні дзень форум «Свабоду палітвязням» прызнае палітзняволенымі 8 чалавек: 4 хлопцаў па справе антыфашыстаў (Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Зміцер Ціхановіч і Філіп Іваноў), а таксама Алеся Юркойця, Святаслава Барановіча, Міхаіла Жамчужнага і Тараса Аватарава.

Удзельнікі пікета трымалі ў руках плакаты і расцяжку з надпісам «Свабоду палітвязням!». Праваахоўнікі здымалі іх на відэа.

Акцыя працягвалася 22 хвіліны.