Фото с сайта VesBiz.ru

З буйных і сярэдніх прадпрыемстваў краіны працягваецца адток кадраў. У пачатку 2019 года сітуацыя на рынку працы, у параўнанні з 2018 годам, пагоршылася. Згодна планаў уладаў, да 2030 года з буйных прадпрыемстваў будуць звольненыя каля 700 000 асобаў. Усе гэтыя плыні звольненых павінны будуць або выйсці на пенсію, або перайсці на працу да малога і сярэдняга бізнесу.

Верагодна, як опцыя разглядаецца і некаторы адток працоўнай сілы з Беларусі за мяжу. 2019 год пачаўся цалкам у межах зададзенага кірунку. За студзень буйныя і сярэднія прадпрыемствы звольнілі 47,4 тысячы чалавек. Пры гэтым на працу прынялі 44,1 тысячы. Каэфіцыент замяшчэння звольненых прынятымі ў студзені 2019 года склаў 93,1 %. Гэта значыць, што на месца кожных 100 звольненых былі ўзятыя ў сярэднім 93,1 прынятых. Іншымі словамі, на частцы рынку працы, якая адсочваецца ўладамі, назіраўся адток кадраў. На чыстай аснове гэты сегмент страціў 3,3 тысячы чалавек.

Куды сышлі звольненыя – вялікае пытанне: поўная статыстыка па ўсім рынку працы (разам з малымі прадпрыемствамі) выходзіць з вялікім спазненнем.

У параўнанні з мінулым годам сітуацыя на рынку працы стала больш напружанай. У студзені 2018 году каэфіцыент замяшчэння звольненых прынятымі быў 95,6 %. Асабліва прыкметныя негатыўныя змены на рынку працы Мінску. Калі ў студзені мінулага году каэфіцыент замяшчэння ў сталіцы перавышаў 101 % (чысты прыток кадраў), то ў студзені 2019 году адкаціўся ўніз да 96,2 %.

У той жа час, Мінск застаецца лепшым у Беларусі па суадносінах прынятых і звольненых. Таму ў абласцях каэфіцыенты замяшчэння былі яшчэ ніжэй, чым у сталіцы.

Гэтак на Берасцейшчыне гэты каэфіцыент склаў 92,6 %, у Віцебскай вобласці – 92,7 %, Гомельскай – 93,8 %, Гарадзенскай – 89 %, Менскай – 92,9 %, Магілёўскай – 90,1 %.

Як вынікае з дадзеных, у студзені самая жорсткая аптымізацыя кадраў прайшла па Гарадзеншчыне. Найбольшая колькасць звольненых за студзень 2019 году адзначалася ў прамысловасці (10,4 тысячы чалавек), раздробным гандлі (7,1 тысячы), сельскай гаспадарцы (5,8 тысячы) і будаўніцтве (4,1 тысячы).

Ва ўсіх пералічаных відах дзейнасці каэфіцыенты замяшчэння звольненых прынятымі былі ніжэй за 100 %: у прамысловасці – 92,8 %, раздробным гандлі – 83,4 %, сельскай гаспадарцы – 93,4 %, будаўніцтве – 83,9 %.

Вельмі добрае становішча (чысты прыток кадраў) у студзені было ў IT-сферы і дзяржкіраванні. Там за месяц наймальнікі прынялі на працу на 43,8 % і на 46,5 % больш асобаў, чым звольнілі. Зрэшты, для сферы дзяржкіравання гэта часовая з’ява, а вось у айцішнікаў уліванне свежых кадраў у галіну ідзе на сістэматычнай аснове.