Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі / pravo.by​

Папраўкі аб змякчэнні адказнасці па частках 2 і 3 артыкула 328 КК будуць унесеныя на разгляд парламента. Пра гэта заявіў журналістам на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Генадзь Казакевіч.

«Такі законапраект ёсць, і найбліжэйшым часам ён будзе ўнесены на разгляд у парламент. Ён будзе тычыцца як артыкула 328, так і навацый што да супрацьдзеяння допінгу ў спорце».

Разам з тым, кажа Казакевіч, «МУС мае абсалютна выразную, узважаную і, самае галоўнае, аргументаваную пазіцыю» па гэтым пытанні. Паводле яго слоў, яна грунтуецца на аналізе наркасітуацыі.

«Мы паслядоўна супраць змякчэння пакарання. Само па сабе механічнае змякчэнне часткі 2 і 3 артыкула 328, на нашу думку, ні да чаго не прывядзе. Разам з тым пазіцыя МУС і Вярхоўнага суда — а ён нас падтрымлівае — не з’яўляецца прыярытэтнай пазіцыяй. Трэба разумець, што заканадаўца не звязаны пазіцыяй МУС і Вярхоўнага суда і мае права прымаць тое рашэнне, якое прымае».

Па частках 2 і 3 артыкула 328 прапануецца знізіць ніжні парог пакарання на 2 гады. У канцы восеньскай сесіі парламента дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вырашылі адкласці разгляд паправак у 328-ы артыкул да наступнай сесіі. Пасля гэтага жанчыны з руху «Маці-328» пікетавалі Палату прадстаўнікоў, патрабавалі падоўжыць восеньскую сесію і прасілі тлумачэнняў ад спікера Уладзіміра Андрэйчанкі.