«Lada Vesta», якая, паводле абаронцаў Курапатаў, наехала на Дзяніса Урбановіча. Фота з «Фэйсбуку» Дзяніса Івашына

Увечары 16 лютага на старшыню «Маладога фронту» падчас ягонае варты ў Курапатах наехала аўта.

«Кіроўца аўта раптоўна даў газу з месца і на хуткасці наехаў на Дзяніса. Праз удар ён адляцеў на некалькі метраў, грукнуўся галавою аб асфальт», – піша адзін з удзельнікаў Курапацкае варты Дзяніс Івашын.

Пасля гэтага «хуткая» адвезла Урбановіча ў Менскую абласную больніцу, дзе лекары канстатавалі выцятыя месцы.

«Дзяніс значна не пацярпеў, пераломаў няма», – дадаў Івашын.

Актывісты абароны Курапатаў заяўляюць, што кіроўца аўта – музыка, які выступае ў «Бульбаш-холе».

«Зараз з ім разбіраецца міліцыя», – дадае сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, адзін з актыўных удзельнікаў Курапацкае варты.

Гэта не першы аўтамабільны наезд на абаронцаў Курапатаў. У чэрвені 2018 года Кіроўца «Мазды» наехаў на дваіх чалавек, тыя атрымалі лёгкія пашкоджанні.