Андрэа Віктарын / tut.by

Да таго, каб падпісаць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, застаўся апошні крок. Такое меркаванне выказала кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын у інтэрв’ю парталу tut.by, паведамляе Еўрарадыё.

Перамовы пра гэтае пагадненне ідуць з 2014 года. Апошняй перашкодай для падпісання дакумента з’яўляецца прапанова Польшчы павялічыць колькасць консулаў. «Ужо ў 2015 годзе мы прапаноўвалі падпісаць сумесную дэкларацыю аб консульскіх работніках. Гэта значыць, што, калі становіцца больш працы, каб амбасады маглі папрасіць больш консулаў. Гэта было апошняй перашкодай», — патлумачыла дыпламат.

Па словах Віктарын, ЕС зрабіў афіцыйнаму Мінску кампрамісную прапанову ў гэтым пытанні: «Я думаю, гэта будзе апошні крок, і нам застанецца завяршыць працэдуру».

Калі бакі ўзгодняць тэкст, завяршэнне працэдуры па яго падпісанні зойме з боку ЕС два-тры месяцы.

Раней паведамлялася, што ЕС павысіць плату за шэнгенскія візы да 80 еўра (цяпер — 60 еўра). Андрэа Віктарын спадзяецца, што пагадненне будзе падпісанае да гэтага падаражання. «І можаце быць упэўнены, з еўрапейскага боку робіцца ўсё, каб падпісаць пагадненне. Гэта ў нашых інтарэсах», — дадала яна.