Набліжаецца знамянальная дата – 25 гадоў з таго дня, калі Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання пасля працяглых і напружаных дэбатаў прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі.

Падчас сустрэчы групы дэпутатаў, якая ў мінулую суботу адбылася ў Міжнародным адукацыйным цэнтры, экс-спікер Мечыслаў Грыб успомніў тых былых парламентарыяў, каго ўжо няма на гэтым свеце. А гэта – амаль ці не палова дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Сямёна Домаша, былога калегі і кіраўніка Гродзеншчыны, які пайшоў з жыцця якраз у той дзень.

Мечыслаў Грыб нагадаў, што за ўвесь час работы Вярхоўны Савет разгледзеў і прыняў 404 законы і 1300 пастаноў, якія тычыліся дзейнасці грамадства ў галіне эканомікі, палітыкі, сацыяльнай бяспекі, абароны і г.д.

Працы было шмат. І ў нас не было тады ніякіх інстытутаў, якія распрацоўвалі б праекты законаў. Мы ўсё рабілі самі. Галоўнае ж было – стварэнне Канстытуцыі. Праца над ёй распачалася ў 1990 годзе, калі Вярхоўны Савет зацвердзіў канстытуцыйную камісію. Тады былі створаны дзве працоўныя групы, першую ўзначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета, ужо нябожчык, Васілій Шаладонаў, другую – таксама, лічым, нябожчык, дэпутат Віктар Ганчар. Группы працавалі паралельна амаль год, потым аб’ядналіся.

Казаў Мечыслаў Грыб і пра тое, што Канстытуцыя прымалася вельмі цяжка, па частках, па артыкулах. Кожны пункт яе шматразова абмяркоўваўся. Праект галоўнага закона краіны двойчы друкаваўся ў СМІ: выносіўся на суд грамадскасці. Накіроўваўся на кансультацыйнае заключэнне ў Польшчу, Чэхію, Вялікабрытанію, Расію, прайшоў адабрэнне Венецыянскай камісіі.

Нельга забываць пра той шлях, які прайшла Канстытуцыя, – казаў Мечыслаў Грыб. – Калі б людзі жылі па ёй, то былі б ёю абаронены.

Гісторык Валянцін Голубеў, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання ад Апазіцыі БНФ, упэўнены: былі і памылкі, і праблемы. І пра іх трэба гаварыць сёння, каб не дапускаць такога ў будучым.

Шмат маніпуляцый звязана з прыняццем Канстытуцыі. Успомнім толькі той факт, як Вячаслаў Францавіч Кебіч прымусіў працоўную групу камісіі літаральна за два тыдні перарабіць праект Канстытуцыі з парламенцкай рэспублікі на парламенцкую, але ўжо з пасадай прэзідэнта. І нават Аляксандр Лукашэнка пасля гаварыў, што ў Канстытуцыі ёсць пэўныя неадпаведнасці. І яны сапраўды былі: вельмі вялікая роля надавалася дзейнасці парламента, бо спачатку рабіўся дакумент пад парламенцкую рэспубліку. Аднак калі б Канстытуцыя была прынята ў першым варыянце як парламенцкая, яна была б ідэальная.

Валянцін Голубеў усё ж прызнаўся: ён ганарыцца тым, што ў Беларусі ёсць Канстытуцыя, Асноўны Закон незалежнай краіны.

Але ж трэба ведаць, што ў палітыцы нічога проста так не здараецца, і ў нашай дзейнасці не ўсё было роўна, – лічыць гісторык.

Дэпутат Сяргей Папкоў зачытаў зварот да прысутных ад лідара апазіцыі, кіраўніка Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ Зянона Пазьняка. Свой ліст ён даслаў з ЗША, дзе жыве з 1996 года. Галоўны яго пасаж – Беларусь трэба бараніць ад пуцінскай Расіі. Паводле яго меркавання, трэба спыніць стварэнне Саюзнай дзяржавы, выйсці з АДКБ, узвесці на мяжы з Расіяй памежны кантроль і стаць нейтральнай дзяржавай, як таго патрабуе Канстытуцыя.

На гэтую заяву адрэагаваў дэпутат Уладзімір Цялежнікаў. Ён заклікаў калег не правакаваць канфлікты і супрацьстаянне.

Выступленне дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Хоміча, старшыні камісіі па Чарнобыльскіх праблемах, многія з прысутных у зале ацэньвалі як “не па тэме”. Але ён, не звяртаючы ўвагі на абразлівыя каментарыі, сказаў, што да прынятай Канстытуцыі асабіста ў яго больш за 80 заўваг, некалькі з іх агучыў. Па-першае, асноўны дакумент ён назваў занадта “нежным, ласковым і беззащитным”, які ўвогуле не абараняе правы народа. Галоўная прэтэнзія выступоўца да яе распрацоўшчыкаў: у Канстытуцыі прапісана двухступеньчатая працэдура імпічменту, праз якую немагчыма прайсці, бо заканчваецца яна Канстытуцыйным судом, які не выбіраецца народам. Нічога не сказана ў Канстытуцыі пра права грамадзян звяртацца ў Канстытуцыйны суд, а таксама пра рэферэндумы.

А Сяргей Калякін, лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, які таксама быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання, казаў, што мы стаім на парозе сур’ёзных выклікаў. І шмат што залежыць ад тых людзей, якія сёння знаходзяцца ў зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра.

– Вы маеце пэўны аўтарытэт сярод сваіх знаёмых і сяброў. Можаце прасоўваць інтарэсы Беларусі ў патрэбным кірунку. Кожны з вас многае зрабіў для мінулага краіны, але можа яшчэ ў значнай ступені паўплываць на яе будучыню.

Былы лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў Анатоль Лябедзька прызнаўся, што верыць у лепшае:

– 25 гадоў таму людзей, якія выходзілі на вуліцы з плакатам “За незалежную, суверэнную Беларусь”, хапалі і везлі на Акрэсціна. Сёння ж на мінскіх вуліцах красуюцца плакаты “За Беларусь”. Хоць гэта не “Жыве Беларусь!”, але ж па сутнасці – тое самае. Гэта азначае: выйграна стратэгічная бітва.

Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі прынялі зварот да беларускага народа. Таксама было вырашана стварыць працоўную групу, якая стане адказнай за арганізацыю клуба дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

Фоты аўтара