Фота twitter.com/IBU_WC

Беларускія біятланісты кашмарна выступілі на этапе Кубка свету ў Канадзе, які стартаваў 7 лютага. Праўда, зборная Беларусі прадстаўленая рэзервовым складам. Таму сумныя вынікі не сталі нечаканасцю.

Як паведамляе Еўрарадыё, з-за моцных маразоў старты гонак перанеслі на некалькі гадзін, змененыя былі і дыстанцыі індывідуальных гонак: у мужчын — мінус 5 кіламетраў, у жанчын — мінус 2,5 кіламетра. Індывідуальную гонку на 12,5 км выйграла Тырыл Экхаф з Нарвегіі — 36.32,9, адзін промах на агнявых рубяжах. На другім месцы — Маркета Давідава з Чэхіі — +9,8, без промахаў, на трэцім — Ліза Вітоцы з Італіі — +20,9, без промахаў.

Беларускі паказалі наступныя вынікі: Дар’я Юркевіч — 62-е месца, у яе +5.51,0, тры промахі; Ганна Сола — 68-е месца, у яе +6.19,2, пяць промахаў; Іна Касцючэнка — 87-я сярод 88 удзельніц, у яе +11.40,1, дзевяць (!) промахаў.

Індывідуальную гонку на 15 км сярод мужчын выйграў Ёханэс Бё з Нарвегіі. Максім Верабей заняў толькі 84-е месца, ён дапусціў 7 промахаў, прайграў пераможцу амаль 9 хвілін. Віктар Крыўко — 85-ы, у яго 4 промахі. Раман Елетнаў — 88-ы, у яго +9.39,5 і дзевяць (!) промахаў.

8 лютага пройдзе эстафета ў мужчын, пачатак у 22:30 паводле беларускага часу. Эстафета ў жанчын прызначана на 9 лютага, пачатак у 00:45.