Уладзімір Авадок. Фота http://ovodok.com

Да Дня ўсіх закаханых Вялікі тэатр Беларусі дорыць сваім гледачам сапраўдны падарунак. У гэты вечар 14 лютага на сцэне — шэдэўр Р. Леанкавала — опера «Паяцы», за дырыжорскім пультам — Уладзімір Авадок, вучань і асістэнт маэстра Рыкарда Муці.

Калі сусветна вядомы дырыжор Рыкарда Муці вырашыў адкрыць сваю школу — Італьянскую оперную акадэмію ў Равэне, жадаючых патрапіць туды было не злічыць. З двухсот музыкаў з усяго свету выбралі 10. У ліку гэтых 10-ці быў і Уладзімір Авадок, беларускі піяніст і дырыжор (выпускнік Акадэміі музыкі вучыўся ў сапраўдных майстроў па фартэпіяна — Людмілы Шаламенцавай і Арыядны Гужалоўскай — і па дырыжыраванні — Генадзя Праваторава, Вячаслава Воліча, Юрыя Сіманава, Васіля Сінайскага). У далейшым з 10-ці шчасліўчыкаў Рыкарда Муці абраў толькі чатырох асістэнтаў, разам з якімі і працаваў над пастаноўкай «Фальстаф» Дж. Вердзі, апошняй і самай складанай операй італьянскага кампазітара. А ў 2017-м Авадок стаў дырыжорам-пастаноўшчыкам опернай трылогіі Равэна-фестывалю, дзе разам з рэжысёрам Крысцінай Мадзавілані-Муці працаваў над операмі «Тоска», «Паяцы» і «Сельскі гонар». Італьянскі часопіс Connessi all’Opera пісаў у рэцэнзіі на оперу «Паяцы»: «Найлепшых адзнак заслугоўвае моладзевы аркестр і дырыжор Уладзімір Авадок. Дзіўна, як малады маэстра, не італьянец, прадэманстраваў глыбокае веданне партытуры і адрадзіў у сваім чытанні, вольным ад спрактыкаваных штампаў, яе дасканаласць… Верагодна, Уладзімір Авадок адкрыў скарб ведаў Рыкарда Муці, у якога ў 2015 годзе ён вучыўся ў Італьянскай опернай акадэміі».

У цяперашні час Уладзімір Авадок з’яўляецца дырыжорам Белтэлерадыёкампаніі і выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ён працуе з аркестрамі Расіі, Літвы, Венгрыі, Італіі і інш. У яго рэпертуары — оперы «Фальстаф», «Травіята», «Аіда», «Макбэт» Дж. Вердзі, «Тоска», «Багема» Дж. Пучыні, «Сельскі гонар» П. Масканьі, «Паяцы» Р. Леанкавала, «Вяселле Фігара» В.-А. Моцарта і інш.

14 лютага галоўныя партыі ў оперы Р. Леанкавала «Паяцы» выканаюць: народныя артысты Беларусі Настасся Масквіна (Неда), Сяргей Франкоўскі (Каніа), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (Тоніа), Уладзімір Громаў (Сільвіа), лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі (Бепа).