Увечары 1 лютага стала вядома пра чарговы акт вандалізму ў Курапатах: невядомыя разбілі «лаву Клінтана».

Пра здарэнне паведаміў на сваёй старонцы ў фейсбуку Павел Севярынец.

У Курапатах разбілі «лаву Клінтана»Гэта не першы выпадак вандалізму ў Курапатах. У снежні 2018 невядомыя надрапалі шасціканцовыя зоркі Давіда на мемарыяльнай шыльдзе, усталяванай на афіцыйным памятным знаку ў Курапатах.

«Лава Клінтана», усталяваная ў гонар візіта ў Курапаты амерыканскага прэзідэнта, увогуле з’яўляецца рэкардсменам па колькасці актаў вандалізму. Як распавядала Валерыя Чарнаморцава, з 1994 года яе шкодзілі 21 раз! Апошні раз невядомы з кувалдай хацеў разбіць лаву 19 снежня 2018 года. Тады абышлося без пашкоджанняў: мужчыну спудзілі абаронцы Курапатаў.

Пры гэтым міліцыя не складала пратаколы на хуліганаў, нават калі атрымлівалася схапіць іх за руку. Таму ці будзе знойдзены і пакараны вандал на гэты раз — вялікае пытанне.