Фота gomel.today

Колькасць крытэрыяў, каб првзнаць дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы, звузілася, але з’явілася супярэчнасць з дзейным заканадаўчым актам.

1 лютага набудзе моц пастанова Саўміну № 22, згодна з якой крытэрыяў, якія дазваляюць прызнаваць дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы, зробіцца ўдвая менш. Зараз дзіця змогуць аднесці да гэткага становішча толькі ў трох выпадках:

• калі бацькі пакідаюць дзіця без ежы або неабходных медыкаментаў;

• калі бацькі не прыглядаюць за сваймі дзецьмі, а яны здзяйсняюць рознага кшталту правапарушэнні;

• калі маці ды бацька вядуць амаральны лад жыцця.

Госця «Гарачага каментару» Наталля Янушкевіч з ініцыятывы «Недзіцячая справа» скептычна ставіцца да новага закону.

«Пастанова Савету міністраў не адмяніла Дэкрэту №18, у якім прапісаныя больш шырокія крытэрыі, па якім могуць адабраць дзіця. Таму я б не радавалася. Так, колькасць крытэрыяў звузілася, але з’явілася супярэчнасць з дзейным заканадаўчым актам», — заяўляе Наталля Янушкевіч.

Янушкевіч нагадвае, што з Беларусі дэкрэты вышэйшыя за іншыя пастановаў.

«Таму на сёння актуальнымі застаюцца крытэрыі Дэкрэту № 18», — дадае нашая суразмоўца.

Дэкрэт кіраўніка краіны № 18 прадугледжвае адміністрацыйнае адабранне дзіцяці ў выпадках, калі бацькі вядуць амаральны лад жыцця, ёсць хранічнымі алкаголікамі ці наркаманамі, або «іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманню дзяцей».

Апошні пункт, на думку ўдзельнікаў ініцыятывы «Недзіцячая справа», — вельмі слізкі.

Актывісты кажуць, што на практыцы ён прыводзіць да злоўжыванняў з боку чыноўнікаў, якія могуць адабраць дзіця нават за частыя звароты бацькоў па сацыяльную дапамогу.