Лівянт падтрымаў Лукашэнку: Адкрываеш падручнік — і нічога не разумееш!

499
Яўген Лівянт. Фота https://gomel.today

Лішняе са школьнай праграмы трэба прыбіраць, заявіў 1 лютага Аляксандр Лукашэнка, слухаючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Кіраўнік краіны і бацька 14-гадовага Мікалая сказаў, што з недахопамі сучасных падручнікаў ён сутыкаецца штодня.

Еўрарадыё спытала ў рэпетытара Яўгена Лівянта, ці сапраўды школьнікам складана засвоіць інфармацыю з падручнікаў.

Лівянт: “Тое, што праграмы перагружаныя другаснай інфармацыяй, якую школьнікі не ў стане засвоіць, гэта факт. Прычым, гаворка ідзе пра ўсе прадметы: і пра матэматыку, і пра фізіку, і пра гісторыю, і пра літаратуру, і пра біялогію, і пра хімію”.

Асобна кіраўнік краіны раскрытыкаваў выкладанне матэматыкі.

Лукашэнка: “У школе матэматыку пачынаем выкладаць так, што адпужваем дзяцей ад гэтай матэматыкі, ад вучобы. Я не хачу, каб матэматыкі пакрыўдзіліся на мае развагі, я нічога дрэннага пра іх не сказаў. Але яшчэ раз паўтараю: матэматык — гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзесьці на факультатыве, але ў асноўным — у ВНУ. А мы пачынаем універсітэцкія праграмы перакідваць ў школу. Навошта вы гэта робіце?”

Яўген Лівянт кажа, што цяпер матэматыку ў школе выкладаюць зусім інакш у параўнанні з тым, як гэта было ў часы, калі ён заканчваў школу — на пачатку 80-х. Задачы і ўраўненні сталі значна складанейшымі.

Лівянт: “Я разумею словы Лукашэнкі такім чынам: ён не столькі выказваўся пра тэмы, якія вывучаюцца, а пра складанасць саміх задач, пра іх фармулёўку. І ў гэтым плане ён мае рацыю. Так амаль па ўсіх прадметах: адкрываеш падручнік — і ты нічога не разумееш!”

Па словах рэпетытара, праз перагружанасць школьных праграм 95% старшакласнікаў сёння не могуць расказаць ніводнага верша на любой мове, не памятаюць ніводнай тэарэмы і не назавуць ніводнага закона Ньютона.

“Вынік рэформ у адукацыі заўсёды адзін і той жа — дрэнны”

Ці зменіцца нешта ў школьнай адукацыі пасля заяў кіраўніка дзяржавы? Яўген Лівянт упэўнены, што не:

“За апошнія гадоў дзесяць ад людзей, якія у нас прымаюць рашэнні ў галіне адукацыі, не было ніякай карысці, акрамя шкоды. І прозвішчы тут не маюць значэння. Міністры змянялі адзін аднаго, але вынік заўсёды быў адзін і той жа — дрэнны”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!