Віктар Казько

Пятнаццаць гадоў пражыўшы ў Расіі і выдаўшы свае першыя кнігі па-руску, Віктар Казько меў усе шанцы прапісацца ў рускай літаратуры. Да гэтага ў СССР імкнуліся многія нацыянальныя пісьменнікі – можна згадаць кіргіза Чынгіза Айтматава, абхазца Фазіля Іскандэра ці казаха Алжаса Суляйменава. Беларус не паддаўся на спакусу. Вярнуўся да роднай мовы, на родную зямлю. Заваяваў любоў чытачоў, атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа (1982). Пра тое, як адбываліся ўцёкі ад радзімы і вяртанне да самога сябе, творца расказаў у рэдакцыі «Народнай Волі».

«Што далі «акупанты», усё да капейкі забралі «вызваліцелі»

– Віктар Апанасавіч, спрабуючы зазірнуць у пачатак вашага жыцця, я прыгадаю радкі выдатнага (забытага, на жаль) паэта Уладзіміра Лісіцына, які нарадзіўся ў нямецкім канцлагеры: «Жарт байкаслова, што дзеці – знаходка буслова і могуць знайсціся ў капусце ці ў клеці, у ліпавым цвеце, у жыце, у сельскім савеце… Мяне знайшлі на тым свеце». Вы ж таксама «знайшліся» ў Азарыцкім канцлагеры. Як вы трапілі туды ў трохгадовым узросце?

– У 1943 годзе маці з двума малымі дзецьмі (мной і сястрой) шукала спакойнага месца, дзе няма вайны. Хадзілі ад вёскі да вёскі вакол Калінкавічаў на Гомельшчыне. І сваякі падказалі: у вёсцы Убалаць ціха. Мы – туды, а там неўзабаве ўтварылася сапраўднае пекла. Убалаць тая шэсць разоў з рук у рукі пераходзіла. Неяк мы сядзелі ў хаце на печы, за вёскай бой пачаўся, а мне дужа захацелася печанай бульбачкі, якая ў камінку ляжала. Я пачаў ныць, сястра дапамагла, і маці ссадзіла нас на ложак. Сама залезла на печ. І тут – снарад трапляе проста ў хату, печ разносіць на цаглінкі. Маці кінула на нас, мы поўзалі па ёй, акрываўленай… Я, большы, пабег шукаць людзей, а сястрычка засталася. На вуліцы ішла страляніна, я спалохаўся і заблудзіў. Мяне прытулілі савецкія салдаты ў маскхалатах, накармілі, а каб не замерз, падпалілі стог сена і сказалі чакаць.

– Вам тры гады, а сястры колькі?

– Другі гадок ёй ішоў. Яна запаўзла пад печ і там замерзла, слёзкі на вачах (як мне потым расказвалі) застылі… Што было далей – не помню. Помню толькі, як немцы гналі натоўп людзей. Я да іх прыбіўся і пайшоў – як аказалася, у Азарычы, у канцлагер. Немцы яго стварылі, каб перашкодзіць наступленню Чырвонай Арміі. Спецыяльна заразілі вязняў (каля 30.000) тыфам, яшчэ нечым, панапісвалі паўсюль: эпідэмія! Канцлагер той праіснаваў тыдні два, пасля нас вызвалілі. А я ўжо хадзіць не мог… Хтосьці наказаў маёй бабулі, яна прыбегла з суседняй вёскі, забрала мяне і ўсе пяць кіламетраў несла на плячах дахаты. Несла напрасткі, цераз поле. Потым расказвала, як нейкі дзядзька здалёку крычаў і махаў рукамі. Аказалася, яна прайшла са мной цераз міннае поле…

– Усяго за тры гады жыцця вам двойчы пашанцавала выжыць.

– Будзе і тройчы, і чацвёрачы…

Поўны тэкст размовы Міхася Скоблы з Віктарам Казько чытайце ў газеце «Народная Воля» за 1 лютага