Кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава агучыла пастанову пра тое, што на айчынных тэлеканалах павінна быць не менш за 30 % кантэнту на беларускай мове.

Пра адпаведнае даручэнне Наталля Качанава паведаміла падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Беларуськалій», перадае Белсат са спасылкай на interfax.by.

«Начальнік аддзелу інфармацыйна-ідэалагічнай працы задала пытанне аб папулярызацыі беларускай мовы на айчынным тэлебачанні. Наталля Іванаўна Качанава пагадзілася з прапановай і нагадала пра тое, што пастаўлена задача аб наяўнасці не менш за 30 % кантэнту айчынных тэлеканалаў на беларускай мове», – сказана ў публікацыі.

Качанава падчас сустрэчы з працаўнікамі «Беларуськалію» таксама пракаментавала беларуска-расейскія адносіны.

«Усім вядома, што Беларусь – дзяржава міралюбная. Мы сябруем з усімі краінамі свету, хто па-добраму ставіцца да нас. Асаблівыя блізкія адносіны ў Беларусі з нашым галоўным партнёрам – Расеяй. Кіраўнік дзяржавы заўсёды кажа:«Расейцы – нашы браты». А складаныя пытанні будуць урэгуляваныя», – выказала меркаванне кіраўніца адміністрацыі кіраўніка краіны.