Мінскі гарвыканкам унёс змены ў сваё рашэнне 2011 года, якое вызначала «пастаянныя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў». Новае рашэнне прынялі 28 снежня, але апублікавалі толькі 26 студзеня — калі і набыло моц, паведамляе Радыё Свабода.

Раней спіс быў такім:

1. Цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў (ля плошчы Бангалор);
2. летні тэатр парку 50-годдзя Кастрычніка (каля стадыёна «Трактар»);
3. пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім скверы.

Цяпер першы пункт пашырылі да ўсяго парку ў межах вуліцаў Арлоўскай – Багдановіча – Кульман – Карастаянавай. І дадалі яшчэ тры пункты:

4. Пляцоўка каля ўваходу ў парк імя Грэкавай (па другі бераг Свіслачы ад заапарку і «Чыжоўка-Арэны»);
5. сквер Жукава (за мостам, дзе вуліца Чыгуначная праходзіць пад праспектам Жукава, за 1 км ад метро «Грушаўка» і «Міхалова»);
6. Тучынскі сквер (ля сажалкі на вуліцы Харкаўскай – на захад ад метро «Маладзёжная»).

Паводле цяперашняга закону «Аб масавых мерапрыемствах» (абнаўленне якога ўлады называлі «жэстачайшай лібералізацыяй»), у гэтых шасці месцах у Мінску можна праводзіць мітынгі паводле паведамляльнага прынцыпу (у іншых гарадах улады таксама вызначаюць «дазволеныя месцы»).

Гэта значыць, не пазней як за 10 дзён паведаміць пра жаданне правесці акцыю — і мітынгаваць. Праўда, улады ўсё роўна могуць забараніць акцыю, калі «заяўка не адпавядае заканадаўству» або калі нехта ўжо заявіў мітынг у гэтым месцы ў той жа час.

Мітынгаваць можна і ў іншых месцах. Але тады трэба загадзя атрымліваць дазвол, а паведамляльны прынцып не дзейнічае. І ёсць месцы, дзе адназначна забараняюць мітынгаваць (але забарона неадназначная: фармальна нельга ля метро і на праспекце Незалежнасці, але часам дазваляюць ля метро «Акадэмія навук» на тым самым праспекце).

Бывае, што правілы разгляду заявак парушаюцца — так было ў тым ліку з Днём Волі ў 2017 годзе, калі рашэнне аб забароне акцыі агучылі не за 5 дзён, а за 11 гадзінаў, але вінаватых не пакаралі, а акцыю брутальна разагналі.