Фота: Беларуская федэрацыя біятлону

Беларуская біятланістка Ірына Крыўко заняла 7-е месца ў гонцы з масавым стартам, якая прайшла ў італьянскім Антхольцы ў рамках этапа Кубка свету.

Як паведамляе Еўрарадыё, спартсменка няўдала правяла першую стральбу і атрымала штрафное кола, таму была толькі на 19-м месцы. Але пасля Ірына стала набіраць хуткасць і ўжо з другога агнявога рубяжа, дзе чыста адстралялася, выходзіла на 10-м месцы.

Трэцяя стральба таксама была ўдалай для беларускі і яна пакінула стрэльбішча другой, аднак утрымаць тэмп яна не здолела, да таго ж на апошнім рубяжы дапусціла промах, таму фінішавала 7-й.

Першае месца дасталася прадстаўніцы Нямеччыны Лауры Дальмаер, другое месца заняла чэшка Маркета Давідава, трэцяе — яшчэ адна немка Ванэса Хінц.