Фото https://minsknews.by

19 студзеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца сапраўдны “Таццянін дзень” – вечарам тут пройдзе юбілейны бенефіс народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. Папраўдзе, нават цяжка паверыць у тое, што Таццяне Мархель – 80!

“Няхай будзе весела!” – гаворыць пра фармат свайго юбілею Таццяна Рыгораўна. І адзначае, што юбілейная вечарына рыхтуецца амаль экспромтам.

– Справа ў тым, што толькі днямі адбылася прэм’ера новага спектакля Аляксандра Гарцуева “Мудрамер”, і ў мяне там невялічкая роля, – распавяла Таццяна Мархель “Народнай Волі”. – Але я да гэтай ролі вельмі рыхтавалася, шукала падыходы, каб атрымалася небанальна. Я іграю жанчыну, якая замаўляе дамавіну. Сама для сябе. І ёй вельмі хочацца, каб апошні прытулак быў прыгожым, зручным. Таму замаўляе мая гераіня яе з вялікім аптымізмам. І сыходзіць – быццам сапраўды ў новае жыццё. Вобраз атрымаўся вельмі светлы. Мне падаецца, што публіцы спадабалася – вельмі цёпла прыняла. Для мяне гэта вялікая радасць, бо новых роляў у тэатры ў мяне даўно не было. Таму я была занята толькі “Мудрамерам”, а не падрыхтоўкай да юбілею. Але мы нейкі цікавы ход для бенефісу знойдзем! Пакоціцца, як тое жыццё!

– Таццяна Рыгораўна, вы вялікая аптымістка па жыцці. І ў мяне ваш узрост па пашпарце неяк зусім не стасуецца з вамі. Нават няёмка гэтую лічбу агучваць у вашай прысутнасці…

– Ой, я і сама гляджу на гэтую лічбу і думаю: ды не, праходзь міма! Гэта ўсё не пра мяне! Увогуле, у мяне была думка закрэсліць гэты нуль, а перад васьмёркай намаляваць адзінку. Быццам бы мне не 80, а зноў 18!

– А чыста па-жаночы ўзрост адчуваеце? Ну там маршчыны, здароўе і ўсё такое…

– Калі мы з мужам разышліся, а гэта было шмат гадоў таму, мне падавалася, што я не
вытрымаю, так цяжка было. І я вельмі доўга пакутавала, доўга паднімалася… Але я неяк сказала: пасля ўсяго перажытага я нарэшце сустрэлася з адным вельмі цікавым чалавекам, і мне стала лягчэй. Зірнула на свет іншымі вачыма. І гэты чалавек – я сама. Бо калі мы жылі разам з мужам, то ўсё рабілася для яго. І не таму, што я такая добрая, а таму, што я эгаістка і мне было прыемна так рабіць. А гэта няправільна. Але я была шчаслівая, калі бачыла, як ён расце.

А калі здарыўся развод, я была ў поўнай роспачы, не магла нават дыхаць. Але дзеці былі, дзеля іх трэба было…

Ай, нейкая неюбілейная размова атрымліваецца! Карацей, я сустрэлася сама з сабой. І мне вельмі хораша жыць. Вакол мяне – Божы свет, птушкі, цудоўная прырода. Я атрымліваю асалоду ад кожнай хвіліны!..

– Не сакрэт, што некаторыя жанчыны пакутуюць ад таго, што побач няма надзейнага мужчыны, моцнага пляча…

– Я не маю гэтага пляча ўжо больш за 30 гадоў і адпакутавала з гэтай нагоды даўным-даўно! Цяпер у мяне свае моцныя плечы. Прывыкла сама з усім спраўляцца. Я вясковая дзяўчына, усё магу. І бачыла, як мая мама сама траіх дзетак на ногі паставіла, і грошай у калгасе не было, і ніхто асабліва не дапамагаў. Усё сама! І ўсе выжылі.

– А для душы, для сэрца?

– Ну не зусім я ўжо засохлая кветка! І магу расказаць пра гэта таксама, але – давайце іншым разам…

– Таццяна Рыгораўна, ад душы вам зычу здароўя і новых вялікіх роляў!

Дзякуй!