Фота з сайта novychas.by

З Крымінальнага кодэкса выключаны артыкул 193.1 з Крымінальнага кодэкса — адказнасць за «незаконныя арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці».

Закон «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 18 студзеня 2019 года, паведамляе spring96.org.

У той жа час Закон прадугледжвае ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за такія ж дзеянні — штраф да 50 базавых велічынь (арт. 23.88 КаАП). Змены ўступяць у сілу праз паўгады пасля апублікавання.

Нагадаем, артыкул 193.1 быў унесены ў Крымінальны кодэкс у 2005 годзе і прадугледжваў пакаранне ад арышту да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Размова пра адмену гэтага сумнавядомага артыкула вялася даўно. Гэтага патрабавалі і міжнародныя арганізацыі, і праваабаронцы.

За час дзеяння артыкула па ім было асуджана 17 чалавек. Аднымі з першых, хто рэальна пацярпеў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі сталі сябры незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства» Цімафей Дранчук, Мікалай Астрэйка, Аляксандр Шалайка, Эніра Браніцкая — іх асудзілі да розных тэрмінаў пазбаўлення волі па арт 193.1 Крымінальнага кодэксу.

Затым пад пераслед патрапілі актывісты «Маладога фронту». У 2006 годзе Эдуард Зелянкоў са Жлобіна быў аштрафаваны, а Зміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі.

А 16 лютага 2011 г. старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму было вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М.І. Кукліса. У папярэджанні сцвярджалася, што дзеянні А. Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Асамблея НДА Беларусі ў 2009 годзе ініцыявала правядзенне кампаніі «Стоп 193.1!», у межах якой адбылося некалькі запамінальных акцый, адна з якіх «Дзеды Марозы» супраць 193 артыкула Крымінальнага Кодэксу