Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Горадні стафардшырскі тэр’ер накінуўся на сямігадовага Андрэя і парваў яму твар. Выпадак адбыўся ўдзень 16 студзеня перад самым пад’ездам дома, дзе жыве дзіця. Маці хлопчыка расказала, якой справядлівасьці яна будзе дамагацца, перадае Радыё Свабода.

«Калі ён адкрыў рукі, я ўбачыла жывыя раны»

Андрэй вучыцца ў першай клясе ў школе паблізу дома. У дзень, калі ўсё адбылося, маці, як звычайна, чакала яго ў хаце, сачыла праз акно. Сям’я жыве на адным зь верхніх паверхаў.

Андрэй затрымліваўся на пяць хвілін, і маці вырашыла выйсьці насустрач сама. У гэты момант пазванілі ў дамафон.

«Я сваё дзіця, канечне ж, пазнаю. Там ненармальны плач. І дарослыя людзі мне крычаць: „Адчыняйце, адчыняйце!“», — узгадвае маці хлопчыка Натальля.

Яна пабегла ўніз пешкі.

«Бачу, стаіць гэты сабака, стаіць маё дзіця, ручкамі трымае твар увесь у крыві. Мяне трэсьці пачынае, шок. Тут мне людзі дарослыя крычаць, што яго сабака пагрыз», — расказвае з хваляваньнем жанчына.

Натальля кажа, што ў гістэрыцы падхапіла сына на рукі і пабегла наверх у кватэру бязь ліфта.

«Калі ён адкрыў рукі, я ўбачыла жывыя раны, усё ў крыві, было настолькі страшна і жахліва. Павекі разарваныя, верхняе і ніжняе», — кажа маці.

Наклалі дзесяць швоў

Яна выклікала хуткую і міліцыю. Андрэю наклалі дзесяць швоў на твары вакол вока. Апэрацыю рабілі пад агульным наркозам. 17 студзеня хлопца выпісалі дахаты.

Пакуль мы размаўляем на лесьвічнай пляцоўцы, са шпіталя акурат вяртаюцца Андрэй з татам.

Твар малога ў запечанай крыві і зялёнцы. Маці кажа, што пасьля апэрацыі сыну рабілі прышчэпкі, калолі іншыя лекі. Зараз трэба будзе штодня езьдзіць на перавязкі, потым рабіць паўторную прышчэпку супраць шаленства. Празь нейкі час чакае рэабілітацыя ў Менску.

«Гэта ўсё такі боль. Уявіце, як малому дзіцяці гэта вытрымаць», — амаль плача жанчына.

Пакуль пагрызенае вока ў хлопца ня бачыць. Маці кажа, што зрок пад пытаньнем. Але афтальмолягі змогуць даць заключэньне пазьней, калі твар крыху загоіцца.

Хлопец цяпер моцна напужаны. Бацькі шукаюць для яго добрых псыхолягаў.

«Бачу, дзіця ручкамі трымае твар у крыві». У Горадні байцовы сабака пагрыз суседзкага хлопчыка
Дом у горадзенскім мікрараёне Альшанка, каля якога сабака напаў на хлопчыка

Стафтэр’ера без намордніка выгульваў трэцяклясьнік

Жанчыне паказалі запіс з камэр відэаназіраньня, дзе бачна, як усё адбылося. Яна абураецца, што ў сацыяльных сетках цяпер пішуць, нібыта сын мае толькі драпіны, што ён нібыта сам справакаваў напад.

Натальля бачыла, што ейны сын не дакранаўся да тэр’ера.

На падставе відэа і сьведчаньняў тых, хто бачыў пачатак здарэньня, жанчына распавядае, што адбылося. Андрэй вяртаўся са школы з аднаклясьнікам. Перайшлі дарогу і накіраваліся да дому. Побач з домам гуляў са стафтэр’ерам суседзкі хлопец, што вучыцца ў трэцяй клясе. Сабака быў без намордніка.

Першаклясьнікі падышлі да старэйшага хлопца прывітацца, запытацца, як той маецца. Перакінуліся літаральна парай словаў. Андрэй павярнуўся, каб падымацца ў пад’езд.

«Тут рэзка на яго кідаецца гэтая амбаліна, маё дзіця падае, і яна яму грызе твар», — пераказвае кадры жанчына.

Далей глядзець відэа яна не змагла, — кажа, ня вытрымала б сэрца.

Побач рамантаваў машыну дарослы сусед. Ён і адцягнуў дзіця ад сабакі.

«Як уяўлю, што майго дзіцяці магло б ня быць, калі б ня гэты мужчына», — маці зноў ледзь стрымлівае сьлёзы.

Нядаўна Андрэй пачаў вяртацца дахаты адзін

Натальля тлумачыць, што яшчэ нядаўна сама адводзіла сына ў школу і сустракала. Больш за месяц таму бацькі дазволілі сыну вяртацца самастойна, зь сябрамі. Маці сачыла за ягоным шляхам праз акно. Цяпер зноў будзе сустракаць.

Натальля кажа, што сям’я ў іх забясьпечаная. Яны з мужам выхоўваюць трое сыноў: сямі, пяці і двух гадоў. Яна займаецца домам, муж «добра зарабляе».

Натальля кажа, што Андрэй вучыцца не найлепш у клясе, але ён душа кампаніі, з многімі сябруе, дзеліцца слодычамі.

«Сабаку шкада, усыпяць жа»

Згаданага стафтэр’ера побач з домам на вуліцы суседзі бачаць часта. Яму сем месяцаў, звычайна ён без намордніка, а часам і бяз прывязі. Вядома, што гаспадарам яго падаравалі. Сям’я, дзе гадуецца сабака, поўная, з двума дзецьмі, стаіць на ўліку з прычыны «сацыяльна небясьпечнага становішча». Жыве ў тым жа пад’езьдзе, што і пацярпелыя. Паміж сабой гэтыя дзьве сям’і — далёкія сваякі.

Суседзі распавядаюць, што некалькі месяцаў таму сабака пакусаў і малодшага, пяцігадовага сына сваіх гаспадароў, але ня так моцна. Тады ў міліцыю не зьвярталіся.

Натальля распавяла, што пасьля здарэньня гаспадыня сабакі Вераніка прыйшла да яе і папрасіла не пісаць заяву.

«Сказала: „Сабаку шкада, усыпяць жа. Даруй. Можа неяк разьбяромся. Калі патрэбныя будуць бінты, я куплю“», — пераказвае словы суседкі маці Андрэя.

Яна мяркуе, што гаспадары не адчуваюць сваёй віны і выбачыліся толькі, каб уратаваць сабаку.

Натальля ўпэўненая, што жывёліну трэба ўсыпіць.

Яна абураецца, што сабака ўсё яшчэ знаходзіцца ў той жа сям’і. Будзе тэрмінова зьвяртацца ў пракуратуру, каб яго адтуль забралі.

Да таго ж маці пацярпелага хлопца хоча, каб гаспадароў сабакі пакаралі па максымуме: арыштам, штрафам. Яна будзе дамагацца, каб яны аплацілі лекаваньне ейнага сына і паслугі псыхолягаў.

Пагаварыць з гаспадарамі стафтэр’ера Свабодзе не ўдалося. На званок у кватэру адгукнуўся брэхам толькі сабака, але ніхто не адчыніў.

Міліцыя праводзіць праверку

У міліцыі пацьвердзілі інцыдэнт. Цяпер праводзіцца праверка па факце нападу сабакі на дзіця.

Прадстаўнік прэс-службы УУС Горадзенскага аблвыканкаму Яраслаў Васілеўскі напісаў у прэс-рэлізе: «Яшчэ належыць высьветліць, што ж прымусіла сабаку агрэсіўна адрэагаваць».

Прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза. Па ейных выніках дадуць прававую ацэнку дзеяньням бацькоў хлопца, які выгульваў сабаку.

Яраслаў Васілеўскі дадаў: «Неабходна адзначыць, што заўсёды сабаку выгульваў бацька дзіцяці, падобных агрэсіўных дзеяньняў за гадаванцам раней не назіралася».