Фото с сайта mlyn.by

Маляваны дыван Язэпа Драздовіча набыў Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладзечне. Падобнага больш не існуе, паколькі майстар у сваіх работах ніколі не паўтараўся. На чорным ільняным палатне — начны пейзаж з возерам, замкам і чоўнам, у якім плывуць людзі. Рэч куплена ў прыватнага калекцыянера.

Маляванкі, маляваныя дываны — даўняя традыцыя беларускага народа аздабляць інтэр’ер свайго дома. У перадваенныя і пасляваенныя часы яны былі амаль у кожнай сям’і — выконвалі ролю абярэга, які быццам пераносіў людзей з цяжкага сялянскага жыцця ў чароўныя казкі. І хто ведае, што было б з гэтай спадчынай, калі б прадбачлівыя вяскоўцы не збераглі яе да лепшых часоў.

Першы раз з вырабам дываноў таленавіты жывапісец, графік, даследчык і пісьменнік Язэп Драздовіч сустрэўся, калі гасцяваў у свайго сябра ў Летніках. Тады, дапамагаючы Янку Пачопку, ён яшчэ не ведаў, што стане ледзьве не першым прафесійным мастаком, які ўжо ў сталыя гады паралельна з «касмічнымі» творамі будзе маляваць і такія рэчы для сялянскіх хацін.

— Сюжэты, што пераважаюць у Драздовіча, — гэта ў асноўным начныя выявы замкаў і краявіды Беларусі, мноства прыгожых і яркіх кветак, — расказвае дырэктар музея Раіса Казановіч. — Ёсць на тых дыванах і старыя гарадзішчы, млыны, дзяды-цымбалісты на лясной паляне, розныя птушкі.

«Ад месяца ліпеня аж да канца верасня аддаўся дзеля развіцця ў народзе мастацкага, эстэтычнага пачуцця і размалёўваю для тых, хто запросіць, на простым вясковым саматканым палатне рознаўзоравыя дываны з месячнымі пейзажамі на асяродках», — напіша Драздовіч у сваім дзённіку. А вяскоўцы, да якіх мастак прыходзіў на заказ у хату, абавязкова ўзгадаюць яшчэ і лекцыі пра небазнаўства, пра бег планет і зорак.

Магчыма, пад час адной з такіх вандровак нарадзіўся і дыван, што трапіў у рукі маладзечанскіх музейшчыкаў.

— Кампазіцыя яго традыцыйная: ёсць цэнтральная частка і раслінны арнамент, — расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Алена Чарнецкая. — Зразумела, што дыван, перш чым трапіць у рукі калекцыянера, вісеў на сцяне ў чыёйсці хаце. Таму не пазбегнуў ні выцвітання палатна, ні асыпання фарбаванага слою. У наступным годзе мы плануем адправіць дыван на рэстаўрацыю. Пасля пакажам яго сваім наведвальнікам ужо ў абноўленым выглядзе.

Ніхто дакладна не скажа, колькі дываноў Язэпа Драздовіча захавалася на сённяшні дзень. Ёсць яны ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», ў калекцыянераў і фондах беларускіх музеяў. А цяпер вось і ў Мінскім абласным, на Маладзечаншчыне, да якой творца таксама меў дачыненне.

Дадаткова

Унікальны экспанат папоўніў фонд Мінскага абласнога краязназўчага музеяЯзэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Мастацкую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам прафесара жывапісу Івана Трутнева. Аздабляў першыя беларускія кнігі, календары. Ад 1919 года — мастак-дэкаратар беларускага літаратурна-выдавецкага аддзела пры Народным камісарыяце асветы ў Мінску, пасля 1930 года пачаў асвойваць «касмічную» тэму. У час вайны напісаў серыю гістарычных карцін. Памёр у 1954 годзе.

У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляванне ў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, вёў археалагічную работу. Гэта і раскопкі на беразе ракі Нямігі, і пошукі маўклівых сведак мінулага ў курганах каля Заслаўя, на замчышчах Навагрудка, Крэва і ў мястэчку Свір.

«Наогул, я зменная натура: праз кожныя тры гады што-небудзь новае пачну. Праз усё жыццё маё так, — прызнаваўся мастак у сваім дзённіку. — Тры гады быў пастухом у падурослыя леты, тры гады патраціў на мастацкую школу і агульнае развіццё, тры гады служыў у салдатах, тры гады аддаваўся грамадскай працы ды пісаў як пісьменнік. І вось ужо трэці год як вандроўны народны мастак…»

Імя беларускага Леанарда да Вінчы, з дня нараджэння якога ў мінулым годзе споўнілася 130 год, носяць вуліцы ў Радашковічах і Маладзечне.