Уладзіслаў Казакевіч. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз пацвердзіў інфармацыю, што пад пастановай аб дысцыплінарным спагнанні стаіць подпіс не «хлопца з бензапілой», паведамляе mspring.online.

У 2016 годзе непаўнагадовы Уладзіслаў Казакевіч напаў з бензапілой і сякерай на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра «Новая Еўропа» ў Мінску. Ён паспеў забіць адну жанчыну і раніць яшчэ траіх чалавек.

Падчас следства і суда сям’я хлопца і незалежныя лекары сцвярджалі, што ён псіхічна хворы і замест адбыцця пакарання ў калоніі яго неабходна адправіць на лячэнне ў псіхіятрычную лякарню. Зрэшты, суд вырашыў інакш – яму прысудзілі 15 гадоў зняволення.

Ужо ў калоніі Уладзіслаў Казакевіч напаў на кантралёраў, матываваўшы гэта здзекамі з боку супрацоўнікаў пенітэнцыярнай установы. Пасля гэтага тэрмін павялічылі да 22 гадоў зняволення. Яго самога перавялі ў магілёўскую турму №4. Там, як сцвярджаюць бацькі хлопца, ён рэгулярна сутыкаўся з пастаяннымі прыдзіркамі, у выніку чаго атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні.

Адно з такіх спагнанняў Казакевічу вынеслі ў ліпені 2018 года. Калі верыць супрацоўнікам магілёўскай турмы, падчас знаходжання ў карцары малады чалавек з 08:50 да 9:00 спаў на падлозе, чым парушыў усталяваны ўнутраны распарадак. За гэта Уладзіславу вынеслі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы, якое той нібыта падпісаў.

Казакевіч з дапамогай адваката абскардзіў яго ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Было заяўлена, што подпіс пад пастановай аб накладанні дысцыплінарнага спагнання падраблены. Суддзя Бушкевіч запытаў экспертызу. Яе правёў эксперт Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Сяргей Быкаў, які даследаваў почырк самага Казакевіча і почырк у падазронай пастанове. Ён пацвердзіў падробку:

«Устаноўлена, што адрозненні агульных і прыватных прыкмет ўстойлівыя, істотныя і дастатковыя для высновы пра тое, што подпіс, які даследуецца, выкананы не Казакевічам Уладзіславам Валянцінавіч, а іншай асобай», – прыйшоў да высновы эксперт.

Хто менавіта падрабіў подпіс – пакуль невядома. Зараз сям’я і адвакаты хлопца плануюць даць гэтай гісторыі ход.