Уладзімір Ліпскі: “Вайна ўкрала маё дзяцінства, але ўсё свядомае жыццё я працую з дзецьмі”
Фота: http://biblioinsait.blogspot.com

Творчы літаратурны вечар «Дзялюся крыламі» пісьменніка Уладзіміра Ліпскага прайшоў у Тэатры юнага гледача.

Вечарына была прымеркавана да саракагадовага юбілею пісьменніка на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлкі».

Павіншаваць любімага пісьменніка з розных куткоў краіны прыехалі маленькія прыхільнікі яго творчасці. Пераможцы рэспубліканскага дзіцячага конкурсу “Жывая класіка” Вераніка Хогіна і Злата Качэрба чыталі вершы Уладзіміра Сцяпанавіча. Адзін з “хросных” дзяцей пісьменніка, спявак Іван Буслай, які атрымаў шанец на іншае жыццё дзякуючы падтрымцы Дзіцячага фонду, зрабіў пісьменніку музычны падарунак: выканаў песню “Вея” на словы Юліі Быкавай.

Пацешылі гледачоў творамі любімага аўтара самыя юныя артысты з дзіцячага садка “Ліхтарык”.

З урыўкамі з твораў Уладзіміра Ліпскага выступілі народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны артыст Леанід Улашчанка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Валерый Анісенка, пісьменнікі Анатоль Зэкаў, Васіль Дранько-Майсюк і іншыя.

Вядомы журналіст, публіцыст, педагог, дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Мікалай Супрановіч падарыў аўтару першы “сігнальны” экземпляр новай сенсацыйнай кнігі “Цар”.

Уладзімір Ліпскі – беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны     дзеяч культуры Беларусі. Трыццаць гадоў узначальвае Беларускі дзіцячы фонд. У творчым скарбе пісьменніка амаль сем дзесят кніг для дзяцей і дарослых. Яго творы перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, нямецкую мовы.