Рабочая група па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі створана распараджэннем прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса ад 10 студзеня 2019 года.

Яе ўзначальвае міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада, перадае БЕЛТА.

У склад групы ўвайшлі 30 чалавек. У іх ліку пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчавання, энергетыкі, прамысловасці, абароны і шэрага іншых, канцэрна «Белнафтахім», Нацыянальнага банка, КДБ, Дзяржпагранкамітэта, парламента і інш.

Група будзе выпрацоўваць прапановы аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі і ўносіць іх у Савет Міністраў (пры неабходнасці з праектамі нарматыўных прававых актаў). Да ўдзелу ў рабоце могуць прыцягвацца прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду.

Рабочай групе таксама неабходна забяспечыць узаемадзеянне са створанай у РФ рабочай групай па пытаннях расійска-беларускіх адносін.